Гомельскія актывісты звяртаюцца да апазіцыйных партый і рухаў



Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Гомеля прынялі заяву аб неабходнасці вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта 2020 года.

Адзін з аўтараў звароту, сябра АГП з Гомеля Васіль Палякоў гаворыць, што часу на прамаруджванне ў пытанні выбару годнай асобы, якая магла б аб’яднаць расчараваныя ўладай грамадскія сілы, няма:

– Удзельнікі сходу грамадскіх актывістаў Гомельскай вобласці прынялі заяву, у якой гаворыцца аб тым, што неабходна ўжо ад размоваў перайсці да справы. Вельмі хутка ўжо распачнецца прэзідэнцкая кампанія. Адпаведна трэба ведаць, якая будзе стратэгія ў апазіцыі пад гэтую кампанію і трэба ведаць, пад якога лідара, пад якога кандыдата мы будзем працаваць.

Гомельскія дэмакратычныя актывісты накіроўваюць зварот аб падтрымцы фармата «адзінага кандыдата» да лідараў апазіцыйных партый і рухаў Беларусі. Пад гэтай калектыўнай заявай падпісваюцца прадстаўнікі гомельскіх гарадскіх і абласных дэмакратычных структураў, у тым ліку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руха «За свабоду», Гомельскай філіі незалежнага прафсаюза РЭП і іншыя арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель