Уладзімір Колас: ЕГУ павінен быць беларускамоўным (абноўлена)



Пяцьдзясят грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі звярнуліся з адкрытым лістом у справе будучыні Eўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. У лісце выказваецца «глыбокая занепакоенасць сітуацыяй вакол выбараў новага рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта». Сярод падпісантаў Уладзімір Някляеў.

–   Нам патрэбны людзі, якія, па-першае, будуць ведаць, што такое Беларусь, навучацца ў гэтай установе любіць яе і будуць думаць пра яе будучыню. Усяму гэтаму яны мусяць навучыцца ў гэтым універсітэце. Вось чаго мы дамагаемся. І, здаецца, ёсць паразуменне.

Падпісанты выказваюць недавер адборачнай камісіі, легітымнасці і справядлівасці бягучага адбору. Яны заклікаюць «прывесці конкурс на пасаду рэктара ЕГУ ў адпаведнасць з міжнародным стандартам, стварыць новую рэпрэзентатыўную адборачную камісію і правесці сапраўды празрысты і справядлівы конкурсны адбор».

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Рада беларускай інтэлігенцыі выступае за кандыдатуру навукоўца і выкладчыка Аляксандра Краўцэвіча на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. З гэтай мэтай беларуская інтэлігенцыя звяртаецца да Кіраўнічай Рады ЕГУ з заклікам абраць рэктарам навучальнай установы доктара гістарычных навук і знанага прафесара, які мае досвед працы прарэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Каментуе старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас:

– Зараз вырашаецца пытанне прызначэння рэктара, і ведаючы сітацыю ў ЕГУ, мы вельмі занепакоены тым, што ніякіх пераменаў не будзе, і будзе прызначана асоба, якая не разумее адэктватна ўсю праблематыку, звязаную з гэтай навучальнай установай. Бо калі існаванне ЕГУ трактуецца як дапамога Беларусі, то выкладанне там павінна весціся на беларускай мове, інакш гэта нейкі нонсэнс. Гэта проста яшчэ адзін універсітэт, які выконвае функцыю адлучэння беларусаў ад беларускай мовы.

«Тыя, хто дагэтуль працавалі ў ЕГУ мелі дастаткова часу, каб засведчыць сваю цікавасць да беларускай праблематыкі. Аднак яны, на жаль, гэтага так і не зрабілі», – чытаем у заяве Рады беларускай інтэлігенцыі.

«Мы неабыякава ставімся да таго, хто будзе на чале важнай навучальнай установы, якой з’яўляецца ЕГУ. На чале павінен быць чалавек, які душой і сэрцам – беларус»,  – каментуе ліст  Рады беларускай інтэлігенцыі да ЕГУ з прапановай па кандыдатах на пасаду рэктара ўніверсітэта народная артыстка Беларусі, тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка:

– Трэба мець на ўвазе інтарэсы беларускай навукі: каго мы рыхтуем, хто прыйдзе на змену, хто стане на чале беларускага руху. Таму што студэнты, якія заканчваюць зараз ЕГУ, не з беларускасцю ў сэрцы пакідаюць ягоныя сцены.

Зінаіду Бандарэнку падтрымлівае і іншы сябра Рады беларускай інтэлігенцыі мастак Алесь Марачкін. На ягоную думку, недапушчальна, каб у Вільні працаваў яшчэ адзін расейскамоўны ўніверсітэт:

– Гэта нонсэнс! Што гэта за ўніверсітэт?! Мы змагаемся тут за беларускую мову, каб у Беларусі быў беларускі ўніверсітэт. А там універсітэт – расейскамоўны. Ён павінен быць беларуска-летувіскім. І гэта было б здорава. Летувіскую мову трэба вучыць, каб выйшлі кадры, перакладчыкі. Зараз мы аднавілі даўнія сувязі 20-х гадоў, калі там быў наш “Беларускі музей”, працавалі Іван і Антон Луцкевічы.

Рада беларускай інтэлігенцыі звярнулася з адкрытым лістом да Кіраўнічай Рады Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта з заклікам абраць рэктарам ЕГУ доктара гістарычных навук, прафесара, дзейнага навукоўцу і выкладчыка Аляксандра Краўцэвіча, які працаваў прарэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У якасці яшчэ адной кандыдатуры прапануецца былы пасол Швецыі ў Беларусі Штэфан Эрыксан.

Гэты ўніверсітэт, пасля закрыцця беларускімі ўладамі, аднавіў сваю працу ў Вільні. Аднак апошнім часам яго праца выклікае шмат засцярог адносна адыходу ад беларускасці.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя