Заяву супраць гібрыднага аншлюсу прыняла гарадзенская філія СБП
Заяву ў падтрымку беларусаў – удзельнікаў акцыяў пратэсту супраць гібрыднага аншлюсу Беларусі ў складзе Расейскай федэрацыі прынялі сябры гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў. «Нідзе ў свеце ўлады краіны не каралі сваіх грамадзянаў, якія выходзяць адстойваць Незалежнасць гэтай краіны!» – гаворыцца ў заяве. На агульным сходзе сябры творчага саюза вобласці прынялі заяву аднагалосна.
Кажа сябра СБП Віктар Сазонаў:
– Падпісваюцца нейкія незразумелыя паперы, нейкія «дарожныя карты», якія абсалютна не абмяркоўваліся, пра якія грамадства нічога не ведае. Не абмяркоўваліся нават на ўзроўні спецыялістаў, бо мы не бачылі гэта нават па дзяржаўнаму тэлебачанні. Акрамя таго, што ў свой час Пуцін заявіў, што хоча далучыць Беларусь да Расеі часткамі або цалкам. І ад гэтай ідэі ён, праўдападобна, не адмаўляўся ніколі пасля таго, як гэта заявіў. Таму, безумоўна, грамадскасць насцярожаная. А ўлады пацвярджаюць гэтыя падазрэнні тым, што хапаюць людзей.
У заяве патрабуецца ад уладаў «перастаць ад імя народа і за плячыма народа падпісваць лёсавызначальныя дакументы», і «неадкладна спыніць пераслед грамадзянаў, якія праз мірныя пратэсты выказваюць сваё стаўленне да дакументаў па інтэграцыі».
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя