Выйшаў з друку перакідны краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны



У Гародні свет пабачыў беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2020 год, які склаў прафесар Аляксей Пяткевіч, а рэдагаваў Станіслаў Суднік. Гэта ўжо адзінаццаты выпуск календара, якім не можа пахваліцца ні адна вобласць рэспублікі.

У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых юбілейных датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі. У наступным 2020 годзе, згодна календару Пяткевіча і Судніка, юбілейныя даты будуць у Ігната Дварчаніна, Вацлава Іваноўскага, Канстанціна Пушкарэвіча, Уладзіміра Бітнера, Сяргея Хмары, Францішка Багушэвіча, Пятра Конюха, Аляксандра Жукоўскага і іншых вядомых асобаў Бацькаўшчыны.

Краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны з’яўляецца пэўным крокам у развіцці краязнаўства Прынёманскага краю. Ён нацэльвае ўсіх краязнаўцаў Беларусі на новыя пошукі і адкрыцці, на ўшанаванне юбілейных датаў вялікіх асобаў Бацькаўшчыны, якіх нельга ніколі забываць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя