Love actually. Рэжым чакання цудаў
У кожнага з нас – свае традыцыі ў плане адзначэння Раства ці Новага года… Хтосьці любіць пафіласофстваваць і падвесці вынікі зробленага і не зробленага, а для кагосьці гэта звычайны выходны дзень… Або нагода сустрэцца з сябрамі. Нагода выпіць усмак і далікатэсаў з’есці. Авантура… Падарожжа… Праца… Дом.
А хтосьці глядзіць на Раство фільм «Любоў насамрэч» («Love actually»)… Бо традыцыя! Брытанія. Час перад Раством і тузін розных гісторый пра адно і тое ж – чалавек не павінен быць адзін, асабліва ў святы! Глядзіш і думаеш пра розныя рэчы, але разумееш, што некаторых брытанскіх фішачак і цікавостак табе моцна не хапае дома… Мілых і атмасферных канцэртаў, напрыклад, калі ў адной школьнай залі збіраюцца разам вучні, бацькі, настаўнікі, сябры і сябры сяброў з цэлага раёна ды супольна ладзяць шыкоўны калядны канцэрт. Фонам ідуць гісторыі кахання, сяброўства ды іншыя ўсялякія гісторыі…
І тут раптам атрымліваеш запрашэнне на канцэрт у музеі Агінскага. Выкладчыкі Залескай музычнай школы стварылі ансамбль «Бліскавіца», а паколькі твая пляменніца вучыцца ў той самай музычнай школе, то грэх не падтрымаць малады і таленавіты калектыў, асабліва калі завуць вучняў, іх бацькоў, родных, сяброў і знаёмых… Ніякай рэкламы – былі ўсе «свае», але канцэртная заля музея-сядзібы была поўнай, а камусьці нават ставілі дадатковыя крэселкі! Імпрэза атрымалася цёплай, камернай і разам з тым – святочнай. Кветкі артыстам, гучныя апладысменты, таленты і прыхільнікі – усё як мае быць! Пантофлі, прычоскі, парфума ў пані і паненак… А хтосьці быў у джынсах, што зусім не зашкодзіла адчуць свята. Елкі мігцелі агеньчыкамі і снег за вокнамі зіхацеў (выпаў своечасова, дадаўшы калядна-навагодняга настрою!)
Князь Агінскі Міхал Клеафас яўна бы ўгневаўся, даведаўшыся, што нашчадкі і прыслуга не збераглі ніводнага сапраўднага каміна, але добрая музыка, што час ад часу гучыць у Паўночных Афінах, ратуе сітуацыю. Завітае прывід Міхала – хіба ўсміхнецца? Надзея памірае апошняй… Бадай, заўжды пад Новы год варта рабіць штосьці харошае… А раптам насамрэч стане традыцыяй?