Выйшла кніга „Гісторыі з гродзенскіх вуліц”



У свет выйшла новая кніга гарадзенскага журналіста, сябра Беларускага аб’яднання журналістаў Руслана Кулевіча. Кніга, якая мае назву „Гісторыі з гродзенскіх вуліц”, распавядае пра жыццё горада ў 1930-40 гады ХХ стагоддзя. Распавядае аўтар Руслан Кулевіч:

– Цяжкасцю напэўна былі тэрміны, якія падціскалі. Планавалі прэзентаваць у Гародні ўжо 19 снежня, але так атрымалася, што прэзентацыю будзем рабіць 16 студзеня 2020 года. Так атрымалася таму, што не паспелі зрабіць цалкам кнігу. Толькі 28 яна прыехала да нас у Гародню. Я адразу, як і абяцаў, пачаў раздаваць падарункі сваім героям да Новага года, да святаў. Яны вельмі здзіўленыя, што атрымалася такая цікавая кніга. 

На думку рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты, збор сродкаў на выданне кнігі быў удалым:

– Краўндфандынг на другую кнігу мяне прыемна здзівіў, бо можна было кнігу ўзяць ужо ад 15-ці рублёў, але сярэдні чалавек у краўндфандынгу атрымаўся 20 рублёў 47 капеек. Значыць большасць людзей гатова была заплаціць больш проста так, каб падтрымаць нас, а не проста, каб атрымаць кнігу па мінімальным кошце – гэта для нас добры паказчык і я гэтым людзям вельмі ўдзячны.

 

Прэзентацыя кнігі ў Гародні адбудзецца 16 студзеня 2020 года ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча