Лукашэнка падпісаў указ пра павышэнні тарыфаў на ЖКГ



Аляксандр Лукашэнка 30 снежня падпісаў указ № 490 „Аб устанаўленні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2020 год”.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні паслуг павысяцца ў межах пяці долараў.

Як і сёлета, тарыфы будуць павышаныя ў два этапы. 1 студзеня сумарна на 3,5 долара ў эквіваленце ўзрастуць тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, па капітальным рамонце, абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, памеры кампенсацыі расходаў на электраэнергію. 1 чэрвеня, пасля завяршэння ацяпляльнага сезона, павялічыцца тарыф на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння (на 1,5 долара).

Тарыфы на тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў і запорна-перагаворных прылад захоўваюцца на ўзроўні 2019 года.

„Ва ўмовах росту жыллёва-камунальных плацяжоў дзяржава працягне падтрымліваць насельніцтва праз даванне безнаяўных жыллёвых субсідый, — гаворыцца ў каментары прэс-службы прэзідэнта. — Яны выдзяляюцца грамадзянам і сем`ям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% у сельскай мясцовасці. За студзень—кастрычнік 2019 года безнаяўныя жыллёвыя субсідыі атрымалі 21,6 тыс. сем`яў на суму больш як 1,1 млн рублёў”.

belapan.by