Леанід Судаленка: Кожны мае права бараніць свае правы ў судзе



Праваабаронца Леанід Судаленка перакананы, што скаргу гамяльчанкі Марыі Тарасенкі на дзеянні ўлады зарэгіструюць у Камітэце па правах чалавека ААН.

Жанчына, абараняючы свае правы, парушаныя прэзідэнцкім Дэкрэтам “Аб садзейнічанні занятасці”, вычарпала ўсе магчымыя сродкі прававой абароны ўнутры Беларусі. Пасля гэтага яна накіравала індывідуальную скаргу на беларускую дзяржаву ў Жэневу. Леанід Судаленка кансультаваў Марыю Тарасенку ў працэсе змагання з дармаедскім дэкрэтам на ўсіх узроўнях:

– Марыі Тарасенцы адмовілі ў правасуддзі – гэта ўжо ні што іншае, як парушэнне 14 артыкул Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У нас ёсць гэта канстытуцыйнае права гарантаванае 62 арт. Кожны мае права бараніць свае правы ў судзе. Марыю Тарасенку назвалі непрацуючай і ўвялі ў пяць з паловай раз вышэй аплату камунальных паслуг.

Гамяльчанка Марыя Тарасенка стала вядомай тым, што пасля ўключэння яе прозвішча ў спіс “грамадзянаў, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў”, пачала даводзіць незаконнасць Дэкрэта “Аб садзейнічанні занятасці” ў судовым парадку. Яна акцэнтуе ўвагу на парушэнні канстытуцыйных нормаў аб умяшальніцтве ў прыватнае жыццё, а таксама на дыскрымінацыі па прыкмеце сацыяльнага статуса хатняй гаспадыні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель