Лукашэнка і Пуцін даручаць урадам падрыхтаваць прамежкавыя кантракты
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы 30 снежня дамовіліся даручыць урадам Беларусі і Расеі „найбліжэйшымі днямі арганізаваць працу суб’ектаў гаспадарання з выхадам на заключэнне кантрактаў па нафце і газу”, паведамляе тэлеграм-канал „Пул Першага”.
Калі да 1 студзеня бакі не паспеюць вырашыць гэтыя пытанні, урады дзвюх краін выпрацуюць кампрамісны прамежкавы варыянт паставак нафты і газу.
„А калі спатрэбіцца — прэзідэнты сустрэнуцца пасля калядных святаў у сярэдзіне студзеня, каб прыняць рашэнні”, — паведамляе блізкі да атачэння кіраўніка дзяржавы тэлеграм-канал.
Як паведамляе тэлеканал „Беларусь 1„, размова па тэлефоне, падчас якой абмяркоўваліся тэрміны пастаўкі вуглевадародаў і цэны на іх, доўжылася больш за гадзіну.
20 снежня ў Санкт-Пецярбургу Пуцін і Лукашэнка правялі чарговы раўнд перамоў аб дарожных картах паглыбленай інтэграцыі. Бакі не ўрэгулявалі пытанні ў сферы газу, нафты, падаткаў і стварэння наднацыянальных органаў.