Менскае «Дынама» ўпершыню ў гісторыі прайграла 12 матчаў запар
Менскае «Дынама» прайграла на хатняй арэне рыжскім аднаклубнікам з лікам 0:2. Гэтая параза стала для «зуброў» 12-й запар, што з’яўляецца антырэкордам клуба. Да гэтага менчукі прайгравалі 11 раз пры Гордзі Дуайеры год таму і пад кіраўніцтвам Крэйга Вудкрафта раней у гэтым сезоне. У першым перыядзе абедзве каманды маглі выйсці наперад. За рыжан добра дзейнічаў у браме Салак, а менчукоў адзін раз выратавала штанга. І ўсё-ткі за тры секунды да першай сірэны вызначыўся Мамчыцс.
Менчукі мелі шанцы закінуць шайбу ў адказ, якія ўзраслі пасля траўмы асноўнага брамніка гасцей і выхаду на пляцоўку 19-гадовага Яніса Ворыса. На жаль, закінуць не атрымалася і яму. Лепшы момант меў Іван Драздоў, які не рэалізаваў практычна булітны выхад. У трэцім перыядзе Раян Спунэр, здавалася, трапіў у брамку суперніка, але кідок быў нанесены каньком. У выніку адыграцца не атрымалася. Больш за тое, на 54-й хвіліне пасля памылкі Спунэра Картэр Эштан закінуў яшчэ адну шайбу. Перад гэтым матчам рыжане прайгралі дзевяць матчаў запар і займалі апошняе месца ў лізе, але пасля гэтай вікторыі абагналі менскае «Дынама». У гэтым сезоне менчукі яшчэ ні разу не перамагалі рыжан, а з улікам перадсезонкі «зубры» чатыры разы цярпелі паразу ад латвійскіх аднаклубнікаў. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 3 студзеня ў гасцях у чарапавецкай «Северсталі».
«Нёман» абыграў «Металург»
«Нёман» сышоў на навагоднія святы з добрым настроем. Хакеісты гарадзенскага клуба абыгралі жлобінскі «Металург». Госці стрымлівалі атакі гаспадароў толькі ў першым перыядзе – у другім «чырвона-чорныя» расправіліся з абаронай суперніка. Першую шайбу ў большасці закінуў Мікіта Рэмезаў. Затым вызначыўся Ягор Сцяпанаў, а большасць рэалізаваў капітан Віктар Туркін. У трэцім перыядзе гарадзенцы пісьменна згулялі па ліку і не дазволілі суперніку рэалізаваць нават адну атаку. Віталь Трус аформіў другі шатаўта ў сезоне, адбіўшы ўсе 22 кідкі жлабінчанаў. «Нёман» дагнаў па ачках «Юнацтва», але пераходзіць у новы год на другім месцы – менчукі лепш выглядалі ў вочных сустрэчах.
Мікіта Крыскін пакінуў «Дынама-Менск»
Тым часам выхаванец гарадзенскага «Нёмана» абаронца Мікіта Крыскін пакінуў хакейны клуб «Дынама-Менск», паведамілі ў прэс-службе «зуброў».
Паведамляецца, што пагадненне з абаронцам скасавана па пагадненні бакоў. У гэтым сезоне КХЛ Мікіта Крыскін правёў 17 матчаў, у якіх набраў 3 ачкі пры паказчыку карыснасці «-6».
Гульцам «Гомеля», «Нафтана», «Ліды», «Оршы», «Хіміка» і «Нёмана-Агра» прадʼяўленыя абвінавачванні ў арганізацыі дамоўных матчаў
Падчас расследавання ўсталяваныя 28 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці (16 подкупаў удзельнікаў прафесійных спаборніцтваў і 12 фактаў махлярства, як правіла звязаных са стаўкамі на загадзя вызначаны вынік). Следчымі прадʼяўленыя абвінавачванні па фактах перадачы незаконных узнагароджанняў футбалістам каманд «Нафтан», «Ліда», «Орша», «Хімік», «Нёман-Агра», «Гомель» за забеспячэнне загадзя абумоўленых вынікаў шэрагу матчаў. Акрамя таго, асобам, абвінавачаным у подкупе спартоўцаў, інкрымінавалася перадача грошай валейбалістам каманды «Камунальнік-Магілёў» за забеспячэнне неабходнага выніку аднаго з матчаў чэмпіянату Беларусі па валейболе.
Павел Няхайчык вернецца ў БАТЭ
31-гадовы паўабаронца зборнай Беларусі Павел Няхайчык працягне карʼеру ў барысаўскім БАТЭ. Аб заключэнні кантракту можа быць абвешчана ў бліжэйшы час, – паведамляе Football.by. Апошнім клубам Няхайчыка было берасцейскае «Дынама». У сезоне-2019 Няхайчык у складзе каманды з берагоў Буга стаў чэмпіёнам краіны. У 24 праведзеных паядынках вышэйшай лігі ён забіў 12 галоў і аддаў пяць перадач. Няхайчык зʼяўляўся гульцом БАТЭ ў 2005-2011, а таксама ў 2013 гадах.
Аляксей Бага не ўзначаліць «Ягелонію» – галоўным трэнерам каманды прызначаны Івайла Пецеў
Балгарскі спецыяліст Івайла Пецеў прызначаны галоўным трэнерам польскай «Ягелоніі». Настаўнік падпісаў кантракт, разлічаны да чэрвеня 2021 года. Прэтэндэнтам на пасаду рулявога «Ягелоніі» раней называўся беларус Аляксей Бага. Ён таксама прэтэндуе на пасаду галоўнага трэнера «Судувы». Што да балгарскага спецыяліста, то ён у сваёй карʼеры кіраваў камандамі «Любімец», «Лудагарац», «Аэль Лімасол», зборную Балгарыі, «Дынама-Заграб» і «Амонія Нікасія». Зусім нядаўна балгарскі трэнер стаяў у руля каманды з Саудаўскай Аравіі – «Аль-Кадзісія». «Ягелонія» пакуль займае 9-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Польшчы, маючы 29 ачкоў пасля 20 згуляных матчаў. Беластоцкая каманда ў апошніх пяці гульнях мае 2 перамогі і 3 паразы.
Месі і Байлз прызнаныя спартоўцамі года па версіі Міжнароднай асацыяцыі спартовай прэсы
Нападнік «Барселоны» і зборнай Аргентыны Ліянэль Месі і амерыканская гімнастка Сымона Байлз прызнаныя ў 2019 годзе спартоўцамі года па версіі Міжнароднай асацыяцыі спартовай прэсы (AIPS). У галасаванні прынялі ўдзел 331 журналіст са 102 краін свету. Месі набраў 13% галасоў, абышоўшы ва ўпартай барацьбе кенійскага лёгкаатлета Эліуда Кіпчоге. Трэцюю пазіцыю ў галасаванні заняў іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль. Байлз стала першай сярод жанчын, набраўшы 15% галасоў. Другое месца па выніках галасавання заняла амерыканская футбалістка Меган Рапіна. На трэцім месцы – ямайская лёгкаатлетка Шэлі-Эн Фрэйзер-Прайс.
Беларускае Радыё Рацыя