Са шпіталя выпісаныя двое беларусаў, якія пацярпелі ў аўтобуснай аварыі ў РФ
Са шпіталя Пскова (Расея) выпісаныя двое з дзевяці шпіталізаваных пасля аўтобуснай аварыі 30 снежня беларусаў, паведаміла журналістам прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Барадун.
„Адно дзіця з лякарні ўчора забрала бабуля, яшчэ адна дарослая пацярпелая едзе дадому сёння”, — сказала яна.
Такім чынам, у стацыянарах застаюцца шэсць дарослых і адно дзіця.
ДТЗ адбылося 30 снежня ў 2.50 каля вёскі Подбароўе-1 Пскоўскага раёна. Пасажырскі аўтобус з 50 пасажырамі, які ехаў з Менска ў Санкт-Пецярбург, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Пацярпелі 24 чалавекі, 13 з якіх былі адпраўленыя ў Пскоўскую абласную бальніцу. Шэсць чалавек атрымалі дапамогу амбулаторна, дзевяць, у тым ліку двое дзяцей, шпіталізаваны. Адзін чалавек знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.