Алена Янушкоўская: Жадаю вам, беларусы, жыць у сваёй краіне!
У апошні дзень мінулага года блогерка з-пад Віцебска атрымала позвы ў суд за ўдзел у менскіх акцыях супраць беларуска-расейскай інтэграцыі. Аказалася, што 30-га студзеня іх было адразу два ў судзе Цэнтральнага раёна, аднак Алена Янушкоўская на іх не трапіла.
Па-першае, спавяшчэнні прыйшлі занадта позна, а па-другое, у актывісткі няма ні часу, ні лішніх грошай “на паездкі па штрафы”, як яна іх сама называе:
– Штрафаў я не баюся, таму што ў мяне нічога няма, акрамя маіх унукаў, дзяцей… Ну і няхай! За мяжу я не рвуся, бо там сумаваць пачынаю. Што яны ў мяне возьмуць? Тую мэблю, якую я брала ў групах “Аддам дарам”? Ці што?
Алена Янушкоўская жыве ў вёсцы пад Віцебскам, яна выхавала шасцёра дзяцей (5 з іх – прыёмныя), мае пяцёра ўнукаў. Прыкладна год таму яна заснавала ўласны відэаблог пад назвай “Сапраўдная Беларусь” І адразу ж стала папулярнай блогеркай дзякуючы відэароліку, дзе яна запрасіла наведаць Заронаўскі сельсавет Аляксандра Лукашэнку – каб ён паглядзеў, у якіх умовах вымушаны жыць вяскоўцы. Вядома, Лукашэнка не прыехаў, затое за ліквідацыю недахопаў тут жа ўзяліся мясцовыя ўлады. Аказалася, што асвятленне праблем у сацыяльных сетках і падтрымка неабыякавых людзей – гэта сапраўдная сіла.
Цяпер Алена Янушкоўская пераканана: разам, супольна, беларусы павінны адстойваць і суверэнітэт краіны:
– На плошчу ездзіла і яшчэ паеду! Бо як гэта? Прадметам гандлю выстаўляюць нашу краіну, нашу з вамі Беларусь! Як тут змаўчаць? І я выступала, з трыбуны, выказала сваю пазіцыі, і далей буду выказваць пры любой магчымасці! Каб як мага больш беларусаў мяне пачулі.
Блогерка верыць, што 2020-ты год стане вырашальным у лёсе краіны, і што людзі, якія хочуць жыць у сваёй уласнай краіне, змогуць адстаяць гэтае права.
Цалкам гутарку з Аленай Янушкоўскай слухайце з далучаным файле:
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя