Сяргей Кавальчук узначаліў берасцейскае «Дынама»
Беларускі спецыяліст Сяргей Кавальчук стаў новым галоўным трэнерам берасцейскага «Дынама». Кантракт з 46-гадовым трэнерам разлічаны на тры гады. У якасці гульца Кавальчук абараняў колеры берасцейскага клуба з 1996 па 2004 гады. З 2005 года ён працаваў на розных трэнерскіх і адміністрацыйных пасадах у «Дынама». У мінулым годзе Сяргей Кавальчук з’яўляўся спартовым дырэктарам клуба. Кавальчук ужо займаў пасаду галоўнага трэнера берасцейцаў. У прыватнасці, пад яго кіраўніцтвам «бела-сінія» заваявалі Кубак Беларусі ў 2018 годзе. Нагадаем, што ў мінулым сезоне берасцейскія дынамаўцы пад кіраўніцтвам Марцала Лічкі ўпершыню ў гісторыі выйгралі залатыя медалі чэмпіянату Беларусі, перапыніўшы 13-гадовую гегемонію барысаўскага БАТЭ ў нацыянальным першынстве.
Кірыл Альшэўскі стаў галоўным трэнерам БАТЭ
Беларускі спецыяліст Кірыл Альшэўскі ўзначаліў БАТЭ. 37-гадовы Альшэўскі стаў сёмым галоўным трэнерам у гісторыі барысаўскага клуба.
Кірыл Альшэўскі зʼяўляецца выхаванцам Барысава, ён скончыў аддзяленне футбола ў мясцовай ДЮСШ-2. У 2004-06 гадах працаваў трэнерам у РУОРы, у 2006-м трэніраваў у дзіцяча-юнацкай школе БАТЭ, затым працаваў у трэнерскім штабе дублюючага складу «жоўта-сініх». У 2009 годзе Альшэўскі быў галоўным трэнерам дублюючага складу менскага «Дынама», а затым у жніўні таго ж года на працягу некалькіх матчаў узначальваў аснову «бела-сініх». У 2010-12 гадах быў старшым трэнер маладзёжнай і юнацкай зборных Беларусі. З лета 2012-га па канец 2013-га Альшэўскі зʼяўляўся спартовым дырэктарам БАТЭ.
У сезоне-2019 спецыяліст узначальваў дублюючую каманду БАТЭ, якую прывёў да датэрміновага чэмпіёнства. Да гэтага Кірыл Альшэўскі пяць гадоў працаваў з юніёрскай і юнацкімі зборнымі Беларусі, зʼяўляючыся пры гэтым з 2016 года тэхнічным дырэктарам Беларускай федэрацыі футбола.
Тройчы лепшы абаронца чэмпіянату Беларусі пакінуў «Шахцёр» і далучыўся да «ваўкоў»
Лепшы абаронца чэмпіянату Беларусі 2019 года Павел Рыбак перайшоў з салігорскага «Шахцёра» ў «Іслач», паведамляе сайт «ваўкоў».
Павел вядомы па выступах за сталічныя «Тарпеда-МАЗ» і «Лакаматыў», «Ліду», «Смаргонь», «Гомель», «Менск», гарадзенскі «Нёман» і «Шахцёр».
За «гарнякоў» 36-гадовы футбаліст адыграў пяць сезонаў, правёў 173 матчы ва ўсіх турнірах і забіў 14 галоў. Летась выйграў Кубак Беларусі. Таксама ў складзе «Шахцёра» быў срэбраным і бронзавым прызёрам вышэйшай лігі. Рыбак тройчы прызнаваўся лепшым абаронцам чэмпіянату Беларусі.
Форвард «Менска» Іван Бахар перайшоў у сталічнае «Дынама»
21-гадовы нападнік футбольнага клуба «Менск» Іван Бахар пасля заканчэння тэрміну кантракта пакінуў шэрагі «гараджан» і перайшоў у сталічнае «Дынама». Бахар зʼяўляецца выхаванцам сталічнай школы СДЮШАР-5, у 14 гадоў ён заключыў свой першы кантракт з футбольным клубам «Менск», за які выступаў да канца мінулага сезону. У чэмпіянатах Беларусі форвард правёў 81 паядынак і забіў 14 мячоў. Іван Бахар дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі і на дадзены момант правёў у яе шэрагах чатыры матчы. У складзе моладзевай зборнай ён адыграў у 11-ці сустрэчах, забіў 6 галоў і аддаў 2 перадачы. Таксама напярэдадні афіцыйны сайт менскага «Дынама» паведаміў, што па заканчэнні тэрміну дзеяння кантрактаў з камандай рассталіся абаронцы Андрэй Залескі і Дзмітрый Ятчанка, а таксама хаўбек Філіп Іваноў і Сейду Яхая. Да таго ж, па завяршэнні тэрміну арэндных пагадненняў «Дынама» пакінулі абаронцы Ніно Галавіч і Георгій Цігіеў.
«Арсенал» абыграў «Манчэстар Юнайтэд»
У Лондане завяршыўся цэнтральны матч 21-га тура англійскай Прэмʼер-лігі. «Арсенал» на стадыёне «Эмірэйц» прымаў «Манчэстар Юнайтэд». Сустрэча завяршылася з лікам 2:0 на карысць гаспадароў. Абодва мячы лонданцы забілі ў першым тайме. На 8-й хвіліне Нікаля Пепе скарыстаўся ўдалым адскокам. Яшчэ адзін мяч «Арсенал» забіў у канцоўцы першага тайма. На 42-й хвіліне пасля кутавога галкіпер «Манчэстар Юнайтэд» Давід дэ Хеа адбіў мяч перад сабой, а Сакраціс Папастатопулас дабіў яго ў пустую браму з блізкай адлегласці. «Арсенал» святкаў першую хатнюю перамогу з кастрычніка мінулага года. Лонданцы набралі 27 ачкоў і падняліся на 10-ы радок у турнірнай табліцы. «Манчэстар Юнайтэд« з 31 ачком займае 5-е месца. У іншых матчах »Лестэр« з буйным лікам абыграў »Ньюкасл« 3:0, »Тотэнхэм« саступіў »Саўтгемптану« 0:1, а »Уотфорд« святкаваў перамогу над »Вулверхэмптанам« 2:1. »Чэлсі« не здолеў перайграць »Брайтан« 1:1, »Астан Віла« выйграла ў »Бёрнлі« 2:1.
Беларускае Радыё Рацыя