Даўгі і знаходкі
Закон бумеранга заўжды спрацоўвае. Падчас – пад прымусам…
Папросту кажучы, даўгі лепш вяртаць… Інакш вам пра іх нагадаюць. Падчас – арыгінальна.
І як не ўцячэш ад сябе, любімай, так не схаваешся і ад сваіх даўгоў, нават з’ехаўшы ў далёкую экзатычную краіну. Жанчыну, што два гады не плаціла за камуналку і мела агульны доўг звыш 15 мільёнаў беларускіх рублёў, супрацоўнікі Магілёўскага цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм знайшлі аж у Паўднёвай Карэі. І не патрацілі ні капейкі ў якасьці камандзіровачных. Камунальнікі ў 21 ст. актыўнічаюць у сацыяльных сетках.
І чарговую даўжніцу ў далёкай краіне яны знайшлі праз сацыяльную сетку «УКантакце». Пашанцавала, што беларуска з’ехала ў “правільную” Карэю з нармалёвым інтэрнэтам. І яна была зусім не супраць аплаціць свае даўгі. Патрэбная сума была выплачана літаральна за два тыдні. Не ўсе даўжнікі рэагуюць так пазітыўна на звароты камунальнікаў… Абышлося без хамства і звароту ў суд. Цікава…
Не менш цікавы выпадак, звязаны з грашыма, здарыўся з адной смаргонскай студэнткай.
18 студзеня Алёна Дубяга ехала са Смаргоні на вучобу ў каледж… І калі выходзіла з цягніка ў горадзе Маладзечна, знайшла чорны кашалёк. Унутры быў ладны стосік купюрак і нататнік. Гаспадыня партманэ сядзела побач і выйшла трохі раней… Прыйшоўшы ў каледж, дзяўчына стала набіраць нумары, знойдзеныя ў нататніку, і натрапіла на дачку ўладальніцы кашалька. Прызначыла сустрэчу. Аддала кашалёк.
Дзяўчына са Смаргоні вучыцца ў каледжы на першым курсе, піша “Рэгіянальная газета”. І вучыцца добра. Алёна абрала спецыяльнасць швачкі і цырульніка – ствараць прыгожыя прычоскі ёй хацелася з дзяцінства. У каледжы вырашылі заахвоціць Алёну матэрыяльна за такі непрагматычны і нематэрыяльны жыццёвы падыход… А ці падумала пра гэта ўладальніца кашалька? Зрэшты, законы бумерангу не тоесныя закону “ты – мне, я – табе”.
Усё не так проста…