Беларускамоўныя навагоднія і калядныя паштоўкі, 1990-я гады
Навагоднія беларускамоўныя паштоўкі ў Беларусі выпускаліся і да 1990 года. Іх было няшмат. Але і тыя, якія выпускаліся па-беларуску ў Беларусі ці ў Расеі Міністэрствам сувязі СССР, атрымліваліся не вельмі прыгожымі і па-мастацку аздобленымі. Але іх можна было набыць у кіёсках ці на пошце. Праўда, больш за ўсё было паштовак рускамоўных.
З 1990 года у Беларусі пачаўся актыўны выпуск беларускамоўных навагодніх і калядных паштовак. Нават па заказе Міністэрства сувязі Беларусі некаторыя з іх па-беларуску друкаваліся ў Расеі. Наклад беларускамоўных паштовак нават дасягаў да 2,5 мільёна штук. А потым паштоўкі на роднай мове пачало выпускаць выдавецтва “Беларусь”. Паштоўкі рыхтавала і само выдавецтва і па заказе Міністэрства сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь, а таксама асобных фірмаў. Напачатку 1990-х гадоў фірма “Кавалер” далучылася да выпуску беларускамоўных паштовак і выпускала іх вялікімі накладамі. Паштоўкі выпускала і ТАА “Адкрытае пісьмо”, яны друкаваліся на паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа. А таксама ТАА “Графема” і іншыя фірмы. Не стаяла ўбаку і „Белпошта”, якая і 30 гадоў таму, і зараз выпускае вельмі прыгожыя беларускамоўныя навагоднія і калядныя паштоўкі і канверты.
Арыгінальныя малюнкі да святочных паштовак малявалі ў тыя 1990-я гады мастакі Міхал Анемпадыстаў, Ніна Сакалова-Кубай, Ірына Лагуноўская… Паштоўкі з фотаздымкамі зімовых пейзажаў і гарадоў аздабляліся фатаграфіямі Г.Ліхтаровіча, А. Шчукіна, А.Барташэвіча, П.Кастэнкі, Н. Агладзэ і іншых. Вельмі цёплымі і святочнымі атрымліваліся калядныя паштоўкі з тэкстамі-пажаданнямі: ”З Калядкамі – добрымі святкамі: блінамі ды аладкамі!”, “Каб вы пілі і елі, харошыя мыслі мелі, вясёлыя песні пелі!. Добрых каляд!”. Ці пажаданні з Новым годам: “Каб вы весела жылі і здаровыя былі! З Новым годам!”.
Прапаную чытачам Радыё Рацыя некалькі навагодніх і калядных паштовак з тых 1990-х гадоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя