Што гавораць у Верхнядзвінску пра Глеба Ціханчука і напад на міліцыю
У ноч на 1 студзеня ў Верхнядзвінску міліцыянты затрымалі 18-гадовага хлопца, які шпурнуў бутэльку з запальнай сумессю на тэрыторыю аддзелу аховы.
Паводле папярэдніх звестак, ён збіраўся захапіць зброю, якая захоўваецца ў РАУС, але да пастарунка чамусьці не дайшоў. Верхнядзвінская актывістка Валянціна Болбат мяркуе, што хлопец са Смаргоні не зарыентаваўся ў мясцовых рэаліях:
– Кінуў запальнай сумессю ў дэпартамент аховы. Гэта побач з міліцыяй, за адным плотам. І агароджа такая высокая, бетонная. На адным будынку “Міліцыя” напісана вялікімі літарамі, а дзе аддзел аховы, там шыльдачка маленькая, там і ўдзень цяжка разабрацца, дзе што… Я так думаю, што для яго арыенцірам быў надпіс “Міліцыя”, і ён не падзяляў – ён гахнуў у двор, і ўсё.
Сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што ў час затрымання нападнік параніў нажом двух міліцыянтаў. Паводле Валянціны Болбат, у Верхнядзвінску гавораць, што пацярпелых было трое. Але найбольш мясцовых жыхароў здзіўляе, што міліцыянты не здолелі без ахвяраў затрымаць 18-гадовага хлопца абсалютна не багатырскага целаскладу. Гэты факт актыўна абмяркоўваецца ў групе “Падслухана. Верхнядзвінск” сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”.
Нападнік не хаваў сваіх намераў: ад уласнага імя Глеб Ціханчук выпусціў відэазварот і апублікаваў маніфест на Тэлеграм-канале, дзе патлумачыў свае погляды і дзеянні. З тлумачэнняў вынікае, што яго ўразіў напад на ФСБ у Маскве 19 снежня, і што ён хацеў падштурхнуць беларусаў “да актыўных дзеянняў”.
Пра Глеба Ціханчука вядома, што ён цікавіўся гісторыяй, браў удзел у алімпіядах і меў уласную тэорыю пабудовы справядлівай дзяржавы. На думку жыхаркі Верхнядзвінску Валянціны Болбат, да адчайнага ўчынку маладога чалавека магла падштурхнуць безвыходнасць:
– Моладзі вельмі цяжка, вось чытаеш: тое падаражэла, тое падаражэла, тое падаражэла. Зразумела, што маладыя людзі амбітныя, ім цяжка змірыцца з тымі перашкодамі, якія стварае дзяржава сваім грамадзянам. Дык і дзяржаве трэба думаць, што рабіць, каб моладзь не з’язджала, і каб не было такіх інцыдэнтаў.
На афіцыйным сайце Верхнядзвінскага райвыканкаму здарэнне з удзелам хлопца са Смаргоні не згадваецца, на сайце мясцовай газеты “Дзвінская праўда” таксама.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск