У інтэрнэце дыскрэдытуюць сябраў БХД



У інтэрнэце ідзе дыскрэдытацыя сябраў па стварэнні партыі БХД. На іх распаўсюджваюць „кампрамат”  у сацыяльных сетках. Быў узламаны і блог сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі Віталя Рымашэўскага на сайце „Беларускі партызан”. Ад яго імя напісаны артыкул „Стоит ли верить, что Поротников не агент КГБ?”.

Па словах сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца, калі пачынаюць так паліваць брудам, значыць улады ацэньваюць небяспеку для сябе, значыць робім добрае.

sevjarynec

– Людзі ў нас не дурныя, ужо 20 гадоў яны разумеюць:  улада кажа – “так”, значыць – “не”. Улада кажа – “не”, значыць – “так”. Таму гэта лье ваду на млын Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Мы будзем працаваць яшчэ мацней. Няхай гэта выкліча чарговую хвалю, няхай гэта будзе дадатковая рэклама, таму што да тых людзей, да якіх не дойдзем мы, да іх дойдуць праз сацыяльныя сеткі супрацоўнікі аблвыканкама, гарвыканкама, КДБ і ўсе, хто займаецца гэтымі бруднымі справамі.

Невядомыя інтэрнэт-карыстальнікі  распаўсюджваюць ілжывую і абражальную інфармацыю пра актывістаў БХД, спрабуючы ўцягнуць у дыскусію найперш незалежных журналістаў. Падобныя лісты ўжо  атрымалі журналісты і грамадскія актывісты з Віцебска, Полацка, Оршы, Глыбокага.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя