Кіраўніцтва завода АКБ хоча прыцягнуць да адказнасці праціўнікаў завода



Кіраўніцтва акумулятарнага завода «АйПауэр» звярнулася ва УУС Берасцейскага аблвыканкама з «паведамленнем пра злачынства», піша „Брестская газета”. У звароце гаворыцца, што „на платформе MolaMola невядомымі асобамі ажыццяўляецца збор грашовых сродкаў нібыта з мэтай правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы ТАА „АйПауэр”. 

На думку кіраўніцтва завода, збор вядзецца «шляхам падману і злоўжывання даверам» – маўляў, прадугледжаны заканадаўствам тэрмін правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы скончыўся яшчэ 4 гады таму і яе правядзенне «зараз немагчыма». Акрамя таго, заяўнікі спасылаюцца на заканадаўства, згодна з якім выдаткі на правядзенне такой экспертызы павінны несці непасрэдна яе заяўнікі – у дадзеным выпадку, Дзмітрый Бекалюк і Дзям’ян Лепясевіч.

Нагадаем, супрацьстаянне берасцейцаў і кампаніі „АйПаўэр” цягнулася амаль два гады. Грамадскія актывісты здолелі перамагчы фірму, якая будавала акумулятарны завод на ўскрайку Берасця. Перад Новым годам стала вядома, што прадпрыемства закансервуюць на нявызначаны тэрмін.