Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь (абноўлена)



Ад 1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, паведамляе расейскае агенцтва РІА «Навіны» са спасылкай на ўласную крыніцу ў нафтавай галіне Беларусі. Таксама пра адсутнасць паставак піша «Інтэрфакс».

Беларускія НПЗ – ААТ «Нафтан» (Наваполацк, Віцебская вобласць) і Мазырскі НПЗ (Гомельская вобласць), канстатуюць адсутнасць кантрактаў з расейскімі НК на пастаўку нафты і спыненне паставак сыравіны з 1 студзеня.

«Мы працуем са зніжанай загрузкай на рэштках сыравіны, якія былі назапашаныя ў снежні. Кантракты на пастаўку нафты па-ранейшаму не заключаны, пастаўкі адсутнічаюць з 1 студзеня», – паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік НПЗ.

Прадстаўнік іншага завода таксама заявіў, што сітуацыя ў параўнанні са станам спраў на 31 снежня не змянілася, кантрактаў на пастаўку нафты няма.

На прадпрыемствах адзначаюць, што бягучыя запасы нафтавай сыравіны дазволяць захаваць загрузку НПЗ на тэхналагічна прымальным узроўні да сярэдзіны студзеня.

У канцэрне «Белнафтахім» сітуацыю не каментуюць.

Як паведамлялася, Беларусь напярэдадні Новага года не змагла дамовіцца з расейскімі НК аб умовах пастаўкі нафты з 1 студзеня 2020 года.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 снежня ўвечары распарадзіўся ў бліжэйшыя гадзіны завяршыць перамовы з Расеяй па нафце і заключыць кантракты на пастаўку сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Адначасова ён распарадзіўся ў бліжэйшыя дні пачаць імпарт нафты ад альтэрнатыўных Расеі пастаўшчыкоў.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў перад гэтым заявіў, што дамоўленасцяў з Беларуссю па нафце пакуль дасягнуць не ўдалося, дыялог будзе працягнуты.

Па дадзеных ЦДУ ТЭК, расейскія нафтавыя кампаніі ў 2019 годзе знізілі пастаўкі нафты ў Беларусь на 2,2% да 17,6 млн тонаў.

Пры гэтым, як стала вядома, кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер і пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка падпісалі пратакол пра цэны на газ для Беларусі толькі на студзень і люты 2020 года. У гэтыя два месяцы цана для Беларусі застанецца на ранейшым узроўні – $127 за тысячу кубаметраў.

Як адзначае эканаміст Леанід Злотнікаў, зараз перамовы пра кошт нафты для Беларусі зайшлі ў тупік, бо сітуацыя выглядае больш вострай, чым раней, і Расея не будзе саступаць Беларусі:

– У дадзеным выпадку новая сітуацыя ў тым, што Расея не проста так дзеля таго, каб мы ўступілі ў саюз і гэтак далей, гэта само сабой разумеецца, само сабой ціск. Расеі ўжо самой цягнуць гэтыя субсідыі, выцягваць Беларусь становіцца накладна. Канешне Пуціну неабходна палітычна інтэгравацца, каб застацца пры ўладзе, гэта таксама новая сітуацыя. Для Расеі з пункту гледжання эканомікі і з пункту гледжання палітыкі больш вострая сітуацыя, чым гэта было калісьці раней.

Як адзначае Леанід Злотнікаў, субсідыі Беларусі з боку Расеі з часоў падпісання дамовы аб Саюзнай дзяржаве, у тым ліку за кошт энергарэсурсаў, складаюць па розных ацэнках каля 100 мільярдаў даляраў. „Цяпер жа Расея не жадае працягваць адрываць грошы ад сваёй эканомікі”, – дадае эксперт.

Як адзначае беларускі эканаміст, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, ідзе вельмі небяспечная гульня, якая пагражае Беларусі стратай незалежнасці:

– Расея разглядае газ і нафту, як геапалітычную зброю. Тут іншага меркавання няма, бо калі ёсць нейкія дамоўленасці, то згодна з кантрактам ніводны бок не будзе рабіць так, каб падстаўляць свайго партнёра. Гэта шантаж, гэта безумоўна змушэнне Беларусі да таго, каб Лукашэнка прыняў план інтэграцыі Крамля – па сутнасці дэ-факта ліквідацыя суверэнітэту Беларусі і паўнавартасны кантроль над тэрыторыяй нашай краіны з боку Крамля.

Яраслаў Раманчук у адказ на такую пазіцыю Расеі прапануе сярод іншага адклікаць пасла Беларусі Уладзіміра Сямашку ў Менск, уручыць амбасадару Расеі ў Беларусі Дзмітрыю Мезенцаву ноту пратэсту, прыпыніць і замарозіць удзел Беларусі ў інтэграцыйных праектах «Саюзная дзяржава», «СНД», «ЕАЭС» і АДКБ ды перагледзець статус нафтавых труб, якія праходзяць па тэрыторыі Беларусі, забяспечыць тэхнічную магчымасць паставак нафты з Польшчы ў рэверсным рэжыме.

Расея трымаецца ранейшай тактыкі: трымаць краіны на максімальна кароткіх кантрактах на пастаўкі энерганосьбітаў. У выпадку краін-сатэлітаў, кантракты абумоўліваюцца таксама шэрагам палітычных умоў.

Варта адзначыць, што яшчэ год таму цана $127 за тысячу кубаметраў была істотна меншай за цану газу, па якой яго атрымлівалі іншыя еўрапейскія краіны, але ў гэтым годзе, з прыходам на еўрапейскі рынак вялікай колькасці звадкаванага газу, цэны на газ істотна ўпалі, і цана газу, якую выстаўляе для Беларусі Расея, практычна зраўнавалася з той, па якой купляюць газ Нямеччына і Украіна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ТАСС