Леў Марголін: Крэмль вырашыў паказаць, хто ў доме гаспадар
Эканаміст Леў Марголін распавёў пра тое, чым можа закончыцца чарговы скандал у беларуска-расейскіх дачыненнях.
З 1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ), паведаміла расейскае агенцтва РІА “Навіны” са спасылкай на ўласную крыніцу ў нафтавай галіне Беларусі. Таксама пра адсутнасць паставак са спасылкай на беларускі бок піша “Інтэрфакс”.
Па некаторай інфармацыі, запасаў сыравіны на беларускіх НПЗ можа хапіць прыкладна на 20 дзён працы.
Леў Марголін: Я думаю, што спыненне паставак нафты ў Беларусь – гэта больш тэхнічная праблема. Зразумела, што беларускі кіраўнік намагаўся да канца мінулага года пераканаць Уладзіміра Пуціна ўзгадніць кошты на нафту і газ, але гэта не ўдалося.
Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка, відаць, і даў загад распрацоўваць альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі нафты ў краіну. Магчыма, Крэмль у сувязі з гэтым і вырашыў правучыць афіцыйны Менск і даў сігнал, каб паказаць, хто ў доме гаспадар.
РР: Як можа вырашыцца гэтая сітуацыя?
Леў Марголін: Я не думаю, што канфлікт зацягнецца надоўга, нейкі кампраміс у хуткім часе знойдуць, і нафтавае пытанне вырашаць. Але, мяркую, больш на расейскіх умовах, чым на беларускіх.
РР: Што зараз пагражае беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам?
Леў Марголін: Пакуль нічога, бо запасы сыравіны ёсць, і заводы не спыняць працу. І ўсе ж спадзяюцца, што ў хуткім часе праблема знікне.
Беларускі кіраўнік мае рацыю, калі кажа, што можна знайсці і альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі нафты ў краіны, хаця і па больш дарагіх коштах. Але ўсё-такі лагістычныя праблемы, якія непазбежна ўзнікнуць, не вырашыш за некалькі дзён. Таму, калі сітуацыя не вырашыцца, тэарэтычна нават магчыма, што на нейкі час могуць спыніць працу беларускія НПЗ.
РР: Ці смяротна для Беларусі, калі краіна будзе купляць нафту і газ па сусветных коштах?
Леў Марголін: Безумоўна, не смяротна, але гэта, калі мы кажам пра нейкую абстрактную Беларусь. А вось для краіны з нерэфармаванай эканомікай гэта вельмі кепская сітуацыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sb.by