Анджэй Дуда не паедзе ў Ізраіль з-за Пуціна



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся ад паездкі ў Ізраіль на Сусветны форум памяці ахвяр халакосту, які прымеркаваны да 75-ых угодкаў вызвалення вязняў нямецкага канцлагеру Асвенцым.

Такое рашэнне прынятае ў звязку з тым, што на мерапрыемстве будзе прысутнічаць кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін, паведамляе Gazeta Wyborcza са спасылкай на крыніцу ў апараце лідара Польшчы. Афіцыйнага пацверджання інфармацыі, аднак, ад Варшавы пакуль няма.

Пару тыдняў таму Пуцін назваў польскага пасла ў Берліне ў 1934-39 гадах, які ўдзельнічаў у перамовах з Адольфам Гітлерам, „сволаччу і антысеміцкай свіннёй”. Пуцін тады сказаў, што амбасадар Ліпскі паабяцаў паставіць у Варшаве помнік Гітлеру за ідэю высылкі яўрэяў у Афрыку.

Сусветны форум памяці халакосту пройдзе 22-23 лютага. Яшчэ ў верасні, у час візіту ў Сочы прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху перадаў афіцыйнае запрашэнне Уладзіміру Пуціну. На мерапремства таксама прыедуць кіраўнікі Францыі, Германіі і Італіі.

Беларускае Радыё Рацыя