Па справе аб дамоўных матчах праходзяць больш за 20 падазраваных
Па справе аб дамоўных матчах у Беларусі праходзяць больш за 20 падазраваных, інфармуе «Прэсбол». Гаворка ідзе пра футбол і валейбол. Звесткі пра футбалістаў ужо перададзены Следчым камітэтам у Беларускую федэрацыю футбола. У студзені прозвішчы падазраваных і дамоўныя матчы могуць агучыць у Доме футбола ў Менску.
Расследаванне крымінальнай справы ўжо завершанае. Далей – разгляд у пракуратуры і суд.
Пра затрыманне трох арганізатараў «дамоўных матчаў», былых спартоўцаў, у Менску і Магілёве ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі ў студзені 2019 года. Яны атрымлівалі незаконны прыбытак з букмекерскіх кантор краін заходняй Еўропы і Азіі.
Сілавікі прапанавалі спартоўцам, якія мелі дачыненне да дамоўных гульняў, «добраахвотна і ініцыятыўна» звярнуцца да праваахоўнікаў і ўсё распавесці, за што абяцалі вызваленне ад крымінальнай адказнасці, альбо яе змякчэнне. 13 чалавек адгукнуліся на такую прапанову. Вядома, што дамоўныя матчы адбыліся і ў чэмпіянаце, і кубку Беларусі, у іх удзельнічалі клубы вышэйшай, першай і другой лігі («Нафтан», «Орша», «Ліда», «Нёман-Агра», «Хімік» і «Гомель»).
Першую схему дамоўных матчаў у Беларусі выкрылі ў ліпені 2016 года. У кастрычніку 2017-га былі асуджаныя на абмежаванне волі ці штрафы 15 чалавек. Беларуская федэрацыя футбола іх пажыццёва дыскваліфікавала.
Беларускае Радыё Рацыя