Незалежная прэса змагаецца з праблемамі



Неабходнасць скарачаць тыраж газеты і малая колькасць рэкламадаўцаў. З такімі праблемамі сутыкнуліся прадстаўнікі берасцейскай незалежнай прэсы, якія найперш звязаныя з эканамічным крызісам у Беларусі.

Рэдактар перыядычнага выдання „Брэсцкая газета” Віктар Марчук перакананы, што сітуацыя з выданнем газеты напрасткі залежыць ад сітуацыі ў краіне:

– Існуе пэўная нявызначанасць, з чым гэта звязана, перадусім з валютнымі курсамі, бо нягледзячы на тое, што газета нібы распаўсюджваецца тут – на тэрыторыі Беларусі, у Берасцейскай вобласці, тым не менш мы завязаныя на друкарню, мы завязаныя на завод газетнай паперы – гэтыя прадпрыемствы ў сваю чаргу маюць некаторыя вытворчыя адносіны з замежнымі прадпрыемствамі.

Іншых праблем акрамя як эканамічных пакуль не маем, распавёў рэдактар газеты „Брэсцкі кур’ер” Мікалай Аляксандраў:

– Хаця ў той жа час, калі набліжаюцца чарговыя выбары, то таксама могуць узнікаць нейкія сітуацыі, але я думаю, што гэта не самае галоўнае цяпер – галоўнае эканоміка.

Рэдактары газет адзначылі, што іх мэтавая аўдыторыя – гэта асобы старэйшыя за 25 гадоў. Пераважна гэта тыя людзі, якія цікавяцца жыццём краіны, але не маюць магчымасці, або не так актыўна карыстаюцца інфармацыяй з інтэрнэта. Таму яшчэ адна задача, якую трэба вырашыць у бліжэйшы час – гэта паляпшэнне працы інтэрнэт-старонак выдання.

Беларускае Радыё Рацыя