85% цыгарэт, канфіскаваных летась літоўскай мытняй, — з Беларусі
У 2019 годзе літоўскія мытнікі спынілі кантрабанду цыгарэт на 26 мільёнаў 600 тысяч еўра, паведамляе партал Delfi са спасылкай на дадзеныя Мытна-крымінальнай службы Літвы.
Паводле папярэдніх звестак ведамства, у 2019 годзе затрымана больш за 8 мільёнаў пачак цыгарэт – гэта на чвэрць больш, чым у 2018 і 2017 гадах, калі было затрымана каля 6 мільёнаў. Пры гэтым, калі ў папярэднія некалькі гадоў большасць кантрабандных цыгарэт затрымлівалі ўнутры краіны, дык у 2019 годзе – на мяжы з Беларуссю. «Менавіта беларускія цыгарэты складаюць найбольшую долю – 85% ад агульнай колькасці канфіскаваных мытняй цыгарэт», – канстатуе ведамства.
«Больш буйнымі становяцца і партыі цыгарэт: калі раней кантрабандысты ў адной фуры перавозілі ад 100 да 200 скрынь цыгарэт, дык цяпер часта спрабуюць правезці каля 1000», – падкрэсліваецца ў паведамленні Мытна-крымінальнай службы Літвы.
У 2019 годзе Беларусь таксама стала найбуйнейшай крыніцай нелегальнага тытуню ў Расеі – 36% усяго расейскага рынку нелегальных цыгарэт, згодна з апошнім даследаваннем аналітычнага агенцтва Nielsen. Рэгулярна канфіскуюць кантрабандныя цыгарэты з Беларусі ва Украіне, а таксама ў Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя