На Акрэсціна пратэстоўцы падвяргаюцца катаванню
Снежаньскія акцыі. Як мінімум 7 удзельнікаў антыінтэграцыйных пратэстаў у Менску застаюцца за кратамі. 5 з іх адбываюць адміністрацыйнае пакаранне ў менскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на 1-ым завулку Акрэсціна. Стаўленне да арыштаваных сведчыць пра незаконнасць дзеянняў з боку ўлады.
Каментуе лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык:
– Лідары вулічнага супраціву, калі трапляюць на Акрэсціна, падвяргаюцца абсалютна свядома катаванню. Гісторыя Алены Талстой: калі людзі чакаюць яе на Акрэсціна, яно зачыненае, не адказваюць ні тэлефоны, ні званок у будцы. Таму што Алену ў сем гадзін вывезлі ў РАУС, там пасадзілі ў «стакан» – памяшканне, дзе немагчыма павярнуцца. Выпусцілі толькі тады, калі людзі выклікалі 102. Прыехалі міліцыянты і даклалі, што яна ў Маскоўскім РАУСе. Людзі паехалі туды. Алена без тэлефона, без грошай паехала на Акрэсціна. Навошта здзекавацца?
Вядома, што галоўны арганізатар снежаньскіх пратэстаў Павел Севярынец выйдзе на волю ў пятніцу, 10 студзеня, ён адбывае 15 дзён арышту. У той жа дзень адпусцяць адказнага сакратара ўправы КХП-БНФ Алеся Чахольскага і моладзевага актывіста Стаса Шашка. 11 студзеня ізалятар пакінуць актывіст «Маладога фронту» Максім Урбановіч і блогер Сяргей Ціханоўскі, які адбывае пакаранне ў Гомлі. Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў павінен вызваліцца раней за названых – 6 студзеня. Па-ранейшаму невядома, які тэрмін прысудзілі блогеру Змітру Казлову, які зараз знаходзіцца ў ізалятары ў Воршы.
Беларускае Радыё Рацыя