„Белнафтахім” зноў на капейку падвышае кошт аўтамабільнага паліва
Канцэрн „Белнафтахім” абвясціў пра першае ў новым годзе падвышэнне коштаў на аўтамабільнае паліва. 5-га студзеня цэны традыцыйна павялічыліся на 1 капейку.
Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,65 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,75, АІ-98-К5-Еўра — 1,97, ДП — 1,75.
„Для Рэспублікі Беларусь як для краіны, якая не мае ўласнай вуглевадароднай сыравіны ў неабходнай колькасці, вельмі важна забяспечыць стабільную працу нафтаперапрацоўчых заводаў”, — падкрэсліваецца ў доўгім абгрунтаванні павышэння цэн.
Цяпер НПЗ „завяршаюць маштабную мадэрнізацыю, якая накіраваная на павышэнне эфектыўнасці работы нафтахімічнага комплексу краіны і дасць магчымасць вывесці беларускія прадпрыемствы на адзін узровень з сусветнымі лідарамі нафтаперапрацоўкі”.
„У новых умовах гаспадарання, абумоўленых штогадовым змяненнем параметраў падатковага манеўру, які прыводзіць да падаражання кошту нафты, якая закупляецца беларускімі НПЗ, карэкціроўка цэн на маторнае паліва неабходная для падтрымання эфектыўнай работы айчынных заводаў”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.
У папярэднія гады цэны на паліва на ўнутраным рынку стрымліваліся, у выніку чаго, як адзначае канцэрн, НПЗ былі вымушаныя „нарасціць крэдытную завінавачанасць, пагоршыўшы фінансавы стан”. „Толькі ў 2018 годзе было распачатае выраўноўванне цэнавай сітуацыі на ўнутраным рынку, якое паступова дазволіла НПЗ выйсці на эфектыўную працу. З улікам змянення рынкавай кан’юнктуры цэны на нафтапрадукты не толькі павышаліся, але і зніжаліся”, — нагадвае канцэрн.
„Пад уплывам валатыльнасці сусветных каціровак цэны на маторнае паліва ў суседніх еўрапейскіх краінах былі скарэктаваныя на 2—7%. Індэксаваліся і беларускія цэны на маторнае паліва, але яны застаюцца на 30-40% ніжэйшымі, чым на сумежных еўрапейскіх і ўкраінскім рынках. Такім чынам, стратэгія цэнаўтварэння, што рэалізуецца канцэрнам, забяспечвае баланс інтарэсаў вытворцаў і спажыўцоў”, — лічыць „Белнафтахім”.
Беларускія НПЗ „сістэмна павышаюць эфектыўнасць і зніжаюць затраты на вытворчасць за кошт мадэрнізацыі і рэканструкцыі тэхналагічных аб’ектаў”. Эканамічны эфект ад рэалізацыі мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў за 2019 год ацэньваецца ў 60 млн долараў ЗША.
„Для захавання аптымальнага балансу суадносін „цана-якасць” на прадукцыю беларускай нафтаперапрацоўкі і абароны інтарэсаў аўтаўладальнікаў павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва робіцца паэтапна. Абраная стратэгія дазваляе змякчыць уплыў зменаў цэн на нафтапрадукты на эканоміку ў цэлым і на кожнага спажыўца ў прыватнасці”, — перакананыя ў канцэрне.
У паведамленні адзначаецца, што за 2019 год цэны на маторнае паліва ў сярэднім былі павялічаныя на 13%, у той час як сусветная каціроўка нафты вырасла на 17%. У студзені 2020 года каціроўкі нафты працягваюць павялічвацца, дасягаючы ў асобныя перыяды 68 долараў ЗША за бараль.
Пры такім узроўні сусветных цэн „толькі ў выніку негатыўнага ўплыву падатковага манеўру” ў Расіі цана нафты для беларускіх НПЗ у адносінах да папярэдняга года вырасце больш чым на 20 долараў ЗША за тону, што складае 5% да ўзроўню цаны 2019 года.