У Берасці ўлады забаранілі правядзенне трох пікетаў



 Берасцейскі гарвыканкам забараніў правядзенне трох пікетаў „За адкрыты працэс супраць „АйПаўэра”.

Трохгадзінныя акцыі намячаліся 9 і 10 студзеня побач з эканамічным судом Берасцейскай вобласці, 11 студзеня — каля будынка Берасцейскага аблвыканкама.

Мэта пікетаў — пратэст супраць спробаў службовых асобаў аблвыканкама зрабіць судовы працэс па іску супраць ААТ „АйПаўэр” закрытым і такім чынам утаіць ад грамадскасці важныя факты давання гэтай кампаніі грашовых сродкаў з інавацыйнага фонду.

Як паведаміў заяўнік акцый праваабаронца Раман Кісляк, мясцовая ўлада забараніла пікеты, спаслаўшыся на сваё рашэнне, у адпаведнасці з якім масавыя мерапрыемствы па заяве грамадзян можна праводзіць толькі ў двух месцах: у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і на стадыёне „Лакаматыў”:

– Улады забаранілі нам пікет грунтуючыся на тым, што ёсць дзве пляцоўкі, вось нібыта іх дастаткова. Я лічу, што гэта груба парушае наша права на свабоднае выражэнне меркавання і свабоду мірных сходаў. Мы будзем дабівацца адкрытага правядзення пасяджэнняў, каб людзі, грамадскасць  даведаліся пра змест гэтага працэсу і ўсе факты, якія там агучваюцца. 

„Чыноўнікі баяцца любога публічнага выказвання пратэсту і працягваюць практыку татальных забаронаў масавых мерапрыемстваў. Такая практыка груба парушае наша права на свабоднае выказванне свайго меркавання і свабоду мірных сходаў”, — заявіў Кісляк.