Таццяну Севярынец будуць судзіць за абарону незалежнасці



9 студзеня і ў Віцебску распачнуцца суды над удзельнікамі менскіх акцый пратэсту супраць інтэграцыі. Першы працэс адбудзецца ў судзе Першамайскага раёна – паводле месца жыхарства актывісткі БХД Таццяны Севярынец.

Суд мае разгледзець два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП), – за пратэсты супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, якія адбыліся 20 і 21 снежня ў Менску.

Таццяна Севярынец кажа, што не шкадуе пра зробленае, і больш за тое – пераканана, што ўсё зрабіла слушна:

– Мне 65 гадоў, і я ніколі не чакала, што дажыву да такога ганебнага часу, што кіраўнік краіны будзе гуляцца Беларуссю як шайбай – у якія б вароты яе запуліць. І лічыць сябе пераможцам… Краіна пад пагрозай знішчэння. Таму пачуццё гонару і годнасці мяне выцягнула на плошчу!

Таксама 9 студзеня, але ў судзе Цэнтральнага раёна Менска будуць судзіць яшчэ адну віцяблянку – Алену Янушкоўскую. Для яе гэта ўжо другі судовы працэс, першы прайшоў напрыканцы снежня. Але вынікаў актывістка не ведае, бо на судзе яна не была. Што да акцый пратэсту, то свой удзел яна тлумачыць так:

– На плошчу ездзіла і паеду яшчэ. Бо як гэта: прадметам гандлю выстаўляюць нашу краіну, нашу Беларусь. Нас хочуць пазбавіць самага дарагога: традыцый, гісторыі, роднай мовы. Ну як тут змаўчаць, як застацца ўбаку?

Вядома, што адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту складзеныя і на віцябляніна Мікалая Качурца. Але ні даты судоў, ні месца правядзення працэсаў ён яшчэ не ведае.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск