Беларусь і ЕЗ падпісалі пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз
Беларусь і Еўрапейскі звяз сёння падпісалі пагаднення аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу.
Цырымонія адбылася ў Бруселі. Ад беларускага боку подпісы пад дамовамі паставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Еўразвяз прадстаўлялі намеснік прэм’ер-міністра – міністр унутраных спраў Харватыі Давар Бажынавіч (Харватыя цяпер старшынюе ў Еўрапейскім савеце) і еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.
Што прадугледжвае візавае пагадненне з ЕЗ?
Яно прадугледжвае ўзаемнае палягчэнне візавых працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збору. Пры гэтым будзе забяспечана права грамадзян звяртацца за атрыманнем віз як у амбасады еўрапейскіх краінаў, так і ў візавыя цэнтры.
Кошт «шэнгена» для беларусаў знізіцца да 35 еўра, а рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён). Шматлікія катэгорыі грамадзян у залежнасці ад мэты паездкі змогуць звяртацца па візу без выплаты збору і атрымліваць шматразовыя візы з больш доўгім тэрмінам дзеяння ў спрошчаным парадку.
Беларуская віза для грамадзян ЕЗ таксама патаннее да 35 еўра. Акрамя таго, будзе павялічаны пералік падстаў для выдачы бясплатных віз у некамерцыйных мэтах. Тэрмін знаходжання замежнікаў у Беларусі павялічыцца ў два разы: з 90 дзён у годзе (цяпер) да 180.
Калі патаннеюць візы для беларусаў?
Пасля падпісання дакументы павінны быць ратыфікаваныя Нацыянальным сходам Беларусі і адобраныя Еўрапейскім парламентам. Пачнуць яны дзейнічаць у першы дзень другога месяца пасля даты паведамлення бакамі адзін аднаму аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі. Гэта значыць чакаць прыйдзецца некалькі месяцаў.
У пачатку лютага пачне дзейнічаць абноўлены Візавы кодэкс Еўрапейскага саюза, які прадугледжвае павышэнне кошту візавага збору да 80 еўра. Для беларусаў гэтая цана будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль не ўступіць у сілу пагадненне з ЕЗ. Толькі пасля гэтага збор аўтаматычна знізіцца з 80 да 35 еўра.
У чым сутнасць пагаднення аб рэадмісіі?
З уступленнем дакумента ў сілу Беларусь і Еўрапейскі саюз павінны будуць ажыццяўляць рэадмісіі (зваротны прыём на сваю тэрыторыю) уласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрам легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго.
У пагадненні замацавана прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў дачыненні да рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У сумеснай дэкларацыі да пагаднення ўтрымліваецца абавязацельства Еўразвяза аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне.
«Па кансалідаванай думцы беларускіх дзяржаўных органаў, дадзеная дамова не нясе значных міграцыйных рызык для Беларусі», – раней заяўлялі ў МЗС.