Алег Волчак: Для мяне гэтая справа яшчэ не закончана



Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак распавёў пра тое, ці закончылася для яго гісторыя з ператрусам.

Нагадаем, што падазраванага ў забойстве жанчыны, парэшткі якой днямі знайшлі ў Свіслачы, затрымалі. Ім аказаўся 26-гадовы замежнік.

Раней па гэтай справе ў кватэры вядомага праваабаронцы Алега Волчака правялі ператрусы.

Алег Волчак: Увесь гэты жах, які давялося перажыць, для мяне да гэтага часу не закончаны. Як не закончана для мяне і гэтая справа. Патрэбна падумаць, якія дзеянні неабходна зрабіць, каб маё прозвішча са справы наогул вывелі. І каб нейтралізавалі ўсю маю персанальную інфармацыю. Гэта не такая простая працэдура, як некаторым падаецца. Таму працяг будзе, зараз працую над падрыхтоўкай скаргі.

РР: Ці магчыма патрабаваць кампенсацыю за тое, што дома зладзілі ператрус?

Алег Волчак: Я ўжо кватэру прывёў ў парадак, але тут таксама пытанне: а чаму ніхто не нясе адказнасць за тое, што быў зладжаны вобшук не ў тым месцы? Чаму следчыя могуць у любой кватэры ўсё раскідаць, а затым, калі яны памыліліся, не павінны наводзіць парадак? Што гэта такая за культура? Калі вы зусім не там запэцкаліся, то прыбярыце за сабой і, як мінімум, прынясіце прабачэнні.

Але для таго, каб атрымаць за такія дзеянні кампенсацыю, неабходна пацвердзіць, што вобшук быў незаконным.

Для гэтага патрэбна альбо рашэнне суда, альбо пракуратуры. Мяркую, у нашай сітуацыі вельмі складана атрымаць такога кшталту кампенсацыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя