Алена Анісім: Зараз буду зарабляць у чатыры разы менш



Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавяла пра свае першыя дні на «старой новай працы».

Алена Анісім паведаміла, што 3 студзеня вярнулася на працу ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі.

Алена Анісім: Усяго ў мяне стаж працы ў гэтым інстытуце – 25 гадоў, таму зусім не складана прызвычайвацца да старой новай працы. Але, калі дакладней, то сур’ёзна і не прыступала да той працы, што мне належыць рабіць, а займаюся пакуль падрыхтоўкай выступаў на канферэнцыях і навуковых артыкулаў.

Але наперадзе – апрацоўка слоўнікавых артыкулаў для новага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы.

РР: Як вас сустрэлі ў інстытуце?

Алена Анісім: Мяне ўжо даўно там многія чакалі, і калегі пры сустрэчах увесь час нагадвалі: «Твой стол цябе чакае». Таму сустрэлі абсалютна нармальна. Ды і па заканадаўстве пасля таго, як чалавек сыходзіць на выбарную пасаду, то мае права вярнуцца на старую працу пасля заканчэння тэрміна знаходжання ў парламенце.

РР: Стварэннем беларускамоўнага ўніверсітэта і справамі Таварыства беларускай мовы працягнеце займацца?

Алена Анісім: Безумоўна. Напрыклад, 6 студзеня ў нас прайшло пасяджэнне рэктарата Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, на якім мы абмяркоўвалі планы выдання некаторых метадычных падручнікаў і дапаможнікаў і сітуацыю з атрыманнем ліцэнзіі для працы навучальнай установы. На жаль, тут пакуль ніякіх навін няма з Міністэрства адукацыі.

РР: Заробак у вас зараз, відаць, будзе крыху меншы, чым дэпутацкі…

Алена Анісім: Так, «крыху» меншы – разы ў чатыры, напэўна. Што ж зробіш?! У акадэміі ёсць пасады, якія аплочваюцца лепш, але Інстытут мовазнаўства займаецца выключна навуковай працай, і не мае заказчыкаў з грашыма. Таму працуем выключна на тыя бюджэтныя грошы, што ёсць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя