Пра духоўнае адраджэнне
Прэмія “За духоўнае адраджэнне” ўручаецца штогод. Як адзначаецца на сайце president.gov.by узнагароду прысуджаюць за выдатныя творы літаратуры і мастацтва альбо за актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку. Сёлета выдатных твораў літаратуры беларускія ўлады, відаць, не знайшлі. Таму прэмію ўручылі за актыўную дзейнаць у гуманітарнай галіне. Яе атрымаў афіцыйны гісторык Аляксандр Каваленя. Духоўным адраджэнцам ён стаў у складзе калектыву, які стварыў фундаментальнае картаграфічнае выданне “Вялікі гістарычны атлас Беларусі”. Калі б Аляксандр Каваленя быў датычны толькі да гэтага атласа, то ўсе б папляскалі яму ў далоні і сказалі “дзякуй”. Аднак у складзе іншага калектыву ён восенню 2019 года апублікаваў артыкул “Да пытання аб гістарычнай палітыцы”. І вось у гэтай працы Аляксандр Каваленя паказаў прыхільнікам якіх духоўных каштоўнасцяў і маральных традыцый ён з’яўляецца. З асноўных: тэма трагедыі рэпрэсій 1920-1930 гадоў штучна раздзіманая, значэнне БНР у гісторыі беларускай дзяржаўнасці перабольшаная, а трактоўка паўстанняў 1794 года, 1830-1831 і 1863-1864 гадоў як вызваленчага руху беларускага народу названая спробай сказіць гістарычнае мінулае беларусаў. На фоне таго, што ў Вільні знайшлі парэшткі Катуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў такое сцвярджэнне наўрад ці садзейнічае захаванню нацыянальнага культурнага здабытку. А яшчэ Аляксандр Каваленя лічыць, што Сувораў спыніў паланізацыю беларускага народу, а Тадэвуш Касцюшка не з’яўляецца нацыянальным героем. Вось такі сёлетні лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”.