Віцебскі абласны суд не скасаваў штрафы журналістам -фрылансерам
Суддзя віцебскага абласнога суду Святлана Іванова не задаволіла касацыйныя скаргі журналістаў Алены Шабуні і Змітра Лупача, якія спрабавалі аспрэчыць апошняе адміністрацыйнае пакаранне.
За відэасюжэт пра адмову йсці на мінулыя выбары, паказаны на тэлеканале “Белсат”, абодвух пакаралі штрафамі. Суддзя райсуду Віцебскага раёна Ганна Ігнаценка пастанавіла, што Зміцер Лупач павінны сплаціць 42 базавыя велічыні, Алена ШабУня – 32 базавыя велічыні, што складае 1 071 рубель і 816 рублёў адпаведна.
Падчас разбору скаргі ў абласным судзе Святлана Іванова прадэманстравала непісьменнасць і непрафесіяналізм, лічыць журналістка Алена Шабуня:
– Суддзя Святлана Іванова не разумее, хто такі журналіст і чым ён займаецца. Яна спытала, ці ёсць у мяне пасведчанне. Я адказала, што маю пасведчанне міжнароднай асацыяцыі журналістаў. Яно, вядома ж, на ангельскай мове. Паглядзела і кажа: “Дык у вас тут не зразумела, што напісана.
Для журналіста-фрылансера Змітра Лупача не стала сюрпрызам тое, што скаргу адхілілі. Але без нечаканак не абышлося:
– Сюрпрызам было тое, што я пачуў ад суддзі, нібыта трэба мець нейкі адмысловы дазвол, каб размяшчаць інфармацыю на замежных сайтах. Але ж людзі пішуць і ў “Одноклассниках”, і ў Фэйсбуку, і “Вконтакте” . Таму я лічу, што гэта поўны абсурд.
Пагаджацца з высновамі Віцебскага абласнога суду журналісты-фрылансеры не збіраюцца, і будуць звяртацца са скаргамі ў суд вышэйшай інстанцыі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя