Прадстаўнікі 8 парафій прыехалі на віцебскі конкурс батлейкі



Гэты дыяцэзіяльны фестываль-конкурс праходзіць у асаблівым фармаце: міні-спектаклі пра нараджэнне Хрыста граюць жывыя юныя акцёры, а не лялькі, як у скрыні-батлейцы. Імпрэза даўно стала традыцыйнай, але штогод глядзець пастаноўкі ўсё больш цікава , кажа Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч:

– Дзіцячыя калектывы з розных парафій нашай дыяцэзіі збіраюцца, каб, паводле свайго ўяўлення, перадаць вялікую падзею – нараджэнне Езуса. Для кожнага з удзельнікаў гэта асаблівае перажыванне, бо адна справа – прачытаць пра гэта, паглядзець, і зусім іншая – калі сам чалавек удзельнічае ў гэтай падзеі.

Сёлета дзіцячых калектываў прыехала ў Віцебск меней, чым летась: у мінулым студзені было паказана 12 пастановак, а зараз толькі 8. Але яны сталі больш якасныя ў мастацкім плане, лічыць удзельніца журы Крысціна Бондарава:

– Дзеткі намагаюцца распавесці традыцыйную гісторыю нараджэння Хрыста, але расквечваюць яе рознымі цікавосткамі. Сёння, напрыклад, усіх уразілі раставыя лялькі, якіх паказалі прадстаўнікі віцебскай парафіі касцёла святога Антонія. Якасць пастановак паляпшаецца ў параўнанні з тым, што было некалькі гадоў таму.

Прызавыя месцы за міні-спектаклі атрымалі парафіі з Браслава, з Віцебску – парафія Святога Антонія і з Наваполацку. Адмысловыя дыпломы былі ўручаны за найлепшыя акцёрскія работы, за найбольш удалыя харэаграфічныя, музычныя і відовішчныя нумары. І абсалютна кожны ўдзельнік атрымаў салодкія падарункі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя