Суды над удзельнікамі акцый за незалежнасць (абноўлена)
Больш за 40 працэсаў – у Менску, Пінску і Віцебску прайшлі чарговыя суды над удзельнікамі акцый супраць інтэграцыі з Расеяй. Як палічылі праваабаронцы – агульная сума штрафаў склала 34 533 рублі. Усяго 9 студзеня аштрафавалі 35 удзельнікаў акцый. Штрафы ва ўсіх розныя: 20, 30, 50 і 60 базавых велічынь. Асабліва ў сталіцы судовыя працэсы праходзяць фармальна, заяўляюць праваабаронцы, у суды з большага нават не выклікаюць сведкаў-міліцыянтаў, як гэта раней практыкавалася. Падзяліўся сваімі назіраннямі Андрэй Палуда з Праваабарончага цэнтра «Вясна»:
– На тых працэсах, на якіх быў я, ніякіх сведкаў не было. Нават не было такіх фармальнасцяў. Прынамсі, я не бачыў.
Падчас пратэстаў, што праходзілі у Менску, нікога не затрымлівалі, але цяпер улады выклікаюць актывістаў у суды па сваіх спісах. Заўтра будуць судзіць журналістку за акцыі 20 снежня, але яе там не было. Суды пачаліся ў мінулым годзе і зараз працягваюцца. Улічваючы штрафы тых, каго асудзілі раней, агульная сума штрафаў на сёння складае больш за 55,5 тысячы рублёў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Сталічныя суды 9 студзеня працягнулі караць штрафамі ўдзельнікаў снежаньскіх акцый за незалежнасць Беларусі і супраць інтэграцыі з Расеяй, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Суд Цэнтральнага раёна Менска 9 студзеня аштрафаваў былога пасла Беларусі ў ФРГ Пятра Садоўскага на 30 базавых велічынь (810 рублёў). Рашэнне агучыў суддзя Іван Касцян. Ён разгледзеў пратакол, складзены ў дачыненні да былога дыпламата згодна з часткай 1 артыкула 23.34 КоАП за ўдзел у акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі 8 снежня. Акрамя таго, суддзя Юлія Густыр разгледзела пратакол, які складзены на падставе таго ж артыкула КоАП і тычыцца акцыі 7 снежня. Яна прыняла рашэнне аб вяртанні пратакола для ўстаранення недахопаў.
Суд Цэнтральнага раёна Менска накіраваў справу экс-дэпутата Вярхоўнага савета Лявона Баршчэўскага на дапрацоўку. Рашэнне прыняла суддзя Таццяна Акавітая. Баршчэўскага абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая прайшла 20 снежня ў Менску.
Максім Урбановіч пакараны штрафам 2700 рублёў (два прысуды па 1350 рублёў), ч. 3 арт. 23.34 КаАП, суддзі Валерый Есьман і Таццяна Акавітая. Сам Урбановіч адбывае арышт за акцыю 7 снежня.
Анатоль Лябедзька аштрафаваны на 810 рублёў па ч.1 арт. 23.34 КаАП.
Усудзе Партызанскага раёна суддзя Наталля Дзядкова прызнала старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КоАП) і пастанавіла спагнаць з яго штраф у 405 рублёў. Суддзя Анатоль Барысёнак на падставе гэтага ж артыкула пакараў штрафам у 810 рублёў мастака Алеся Марачкіна.
У судзе Ленінскага раёна суддзя Юлія Шут вынесла штраф у 675 рублёў Наталлі Ладуцьцы, суддзя Анатоль Кісляк прызначыў 540 рублёў штрафу Барысу Дуброўскаму. Іх таксама судзілі на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП.
У судзе Цэнтральнага раёна сталіцы штрафамі пакараныя Максім Урбановіч (на падставе двух пратаколаў на 1.350 рублёў за кожнае правапарушэнне), які да 11 студзеня адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 7 снежня, Андрэй Хранкоў (двойчы па 1.350 рублёў), Алена Янушкоўская (двойчы па 810 рублёў), Мікалай Казлоў (1.350 рублёў), Андрэй Шарэнда (1.350 рублёў), Аляксей Сюдак (810 рублёў), Юрый Татур (810 рублёў), Алена Талстая (1.350 рублёў), Ігар Краўчанка (810 рублёў), Павел Севярынец (1 350 рублёў).
У судзе Кастрычніцкага раёна штрафы вынесеныя Віталю Трыгубаву (1.350 і 675 рублёў на падставе двух пратаколаў), Мікалаю Казлову (1.350 рублёў), Валерыю Бычкоўскаму (1.350 рублёў), Сяргею Спарышу (1.350 рублёў), Дзмітрыю Салаўёву (540 рублёў). Два працэсы ў дачыненні да 82-гадовага паэта Яна Грыба перанесеныя на 15 студзеня ў сувязі са станам яго здароўя.