25 гадоў таму ў Гародні пачалося беларускае ліцэйнае жыццё (абноўлена)



Чвэрць стагоддзя таму ў Гародні прайшло першае пасвячанне ў ліцэісты навучэнцаў беларускіх  гуманітарных класаў. Тады класы дзейнічалі, як гарадзенская філія Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа ў Менску. Хаця ўжо няма беларускіх ліцэйных класаў, а на іх месцы дзейнічае расейскамоўны Ліцэй №1, захоўваюцца экспанаты пра той час. Але цяперашніх ліцэістаў не цікавіць гісторыя ўласнага ліцэя, а можа яна не цікавіць адміністрацыю і педагогаў? Бо на адмысловую выставу, якая была прымеркаваная да гэтай падзеі, ліцэісты не прыйшлі. Дарэчы, выстава экспанавалася ў мурах самога ліцэя больш за месяц.

РР: Ці сапраўды сённяшнія ліцэісты не хочуць цікавіцца ўласнай гісторыяй установы, дзе вучацца, а таксама гісторыяй беларускіх ліцэйных класаў, якіх цяпер ужо няма?

Алесь Госцеў: Пытанне вельмі балючае, бо сапраўды апошнія гады неяк знізіўся інтарэс да дзейнасці нашага музея. Я маю на ўвазе, менавіта ліцэістаў, вучняў і адміністрацыі ліцэя №1 Гародні. Музей гісторыі педагогікі XIX – XXI стагоддзяў, які існуе больш за дзясятак гадоў, стаў народным, ён сёння ня мае такога вялікага попыту, які меў на пачатку сваёй дзейнасці. Можа прычыны тут розныя, і суб’ектыўныя і аб’ектыўныя. Але з тугою мушу цвердзіць, што традыцыйная імпрэза „пасвячанне ў ліцэісты”, якая праходзіць штогод ужо дваццаць гадоў запар, і тая не выклікала вялікага інтарэса ў нашага ліцэя, у плане, каб пацікавіцца: адкуль вытокі, якая гісторыя была. Можа рэчаіснасць надта ўжо віруе, і закручвае, навучэнцаў і выкладчыкаў і кіраўніцтва, што яны проста не даходзяць да гэтага. Тым не меньш, наш музей працягвае дзейнасць у тым рэчышчы, у якім ён быў скіраваны з самага пачатку. І аднымі з найважнейшых напрамкаў застаюцца выставы, якія ладзяцца на канкрэтную тэму. У дадзеным выпадку гэта была выстава, якая была прысвечаная тыдню прысвячання ў ліцэісты Гарадзенскага ліцэя № 1.

РР: У выставе, якую ўжо разабралі, падавалася цікавая інфармацыя пра першае прысвячанне ў ліцэісты, а таксама пра двух таленавітых асобаў, якія маюць дачыненне да нашага горада. Але жылі яны больш за стагоддзе таму.

Алесь Госцеў: Так сталася, што яшчэ з лета мы планавалі ўзгадаць дзень народзінаў выдатнага літоўскага кампазітара і мастака Мікалая-Канстанціна Чурлёніса, і якраз адклалі яе, каб сумясціць з днём народзінаў Максіма Багдановіча. На тыдзень пасвячання ў ліцэісты. І таму і выстава атрымала такую назву: „Гарадзенскія вытокі двух геніяў”. Гэта Мікалай-Канстанцін Чурлёніс, які хаця й нарадзіўся ў мястэчку Араны, паміж Друскенікамі й Вільняй, але ў  той час самі Араны і Друскенікі былі ў складзе Гарадзенскай губерні. І першыя свае дзіцячыя гады і навучанне Мікалай-Канстанцін Чурлёніс пачаў у Друскеніках, і так сталася, што пасведчанне аб заканчэнні пачатковавай вучэльні было выдадзена гарадзенскай мужчынскай гімназіяй. Гэта і было падставай цвердзіць, што выхаванне пачатковае сусветнавядомы мастак і кампазітар атрымаў на Гарадзеншчыне.  

Тое, што тычыцца Максіма Багдановіча, то ўсе ведаюць, што яго дзіцячыя гады, хоць і нарадзіўся ён у Менску, але ў няпоўны год ён ужо апынуўся разам з бацькамі ў Гародні, і пражыў тут амаль да пяці гадоў. Канечне, ён не пачаў сталага навучання, бо не надыйшоў яму для гэтага час, але ён атрымаў хатняе выхаванне праз сваю маці, Марыю Апанасаўну. Вось гэта мы паказвалі ў сваёй выставе.

РР: Каго не стае да двойкі вядомых асобаў, якія ўскосна звязаны з адукацыяй у Гародні? А таксама што найбольш цікавым было ў выставе?

Алесь Госцеў: Тут  два пытанні. Адказваючы на першае, прыходзіць на думку асоба Зоські Верас. Якая звязаная з навучаннем у Гародні, і яе пачатковыя гады жыцця супадаюць з пачатковымі гадамі жыцця Максіма Багдановіча. Розніца ва ўзросце паміж імі адзін год. І летась адзначылі, акурат, сто гадоў гарадзенскага Гуртка беларускай моладзі. Таму, можна адзначыць шмат асобаў, якія далучыліся да дзейнасці гэтага гуртка. Яны таксама маюць вялікае дачыненне і да адукацыі, і да выхавання. Менавіта, беларускага адраджэнскага кшталту.  Ну, а тое, што тычыцца другога пытання, то ў нас найбольш цікавыя экспанаты расказваюць пра Чурлёніса. Нам удалося здабыць, праз друскеніцкіх сённяшніх сяброў копію пасведчання пра заканчэнне гімназіі, арыгінал якога дэманструецца ў мемарыяльным музеі Чурлёніса. І самае цікавае, што там стаяць аўтографы і самога дырэктара, і некаторых настаўнікаў. У прыватнасці, Яўстафія Арлоўскага, выдатнага нашага краязнаўцы гарадзенскага і педагога.

Што тычыцца Максіма Багдановіча, то тут прадстаўлены матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё будучага паэта. Гэта мясціны яго пражывання, таму што ўжо цяпер прызнаецца, што той дом, дзе цяпер музей Багдановіча – гэта не той дом, дзе яго сям’я жыла. Гэта сапраўдны дом, які добра захаваўся з таго часу, і хіба адзіны. Але сям’я Багдановічаў жыла ў іншых месцах, у якіх, паказана на нашай выставе. Гэта тры іншыя дамы. А таксама паказана выхаваўчая дзейнасць маці паэта, Марыі Апанасаўны. Яе фотаздымкі, яе з дзецьмі. І вядомыя шырокай публіцы матэрыялы. Сярод іх успаміны Адама Багдановіча ( бацькі  паэта) пра сваю жонку, пра тое, якімі здольнасцямі яна валодала. У тым ліку хатняга выхавання дзяцей. Якія гульні яна арганізоўвала і гэтак далей.

РР: Што з вашай асабістай калекцыі стала ўпрыгожаннем выставы, апрача музейных фондаў?

Алесь Госцеў: У мяне ёсць сапраўдны ліст сястры Мікалая Чурлёніса, Валерыі Чурленітэ, які я атрымаў ад яе, калі высвятляў абставіны наведвання яе братам Гародні. Што да Багдановіча, то ў мяне няма такіх арыгінальных рэчаў. Там былі фотакопіі і факсіміле. Але ў самым пачатку дваццаць першага стагоддзя пасвячаліся ў ліцэісты, на дзень народзінаў Максіма Багдановіча, вучні мастацка-педагагічнага класа. Было васямнаццаць чалавек, падрыхтавалі малюнкі на тэму „Вянка” Максіма. Кожны адабраў верш са зборніка паэта, які быў яму да душы і зрабіў да яго малюнак. Усе гэтыя васямнаццаць малюнкаў аформленыя ў рамкі на пачатку пасвячання ў ліцэісты ў 2001 годзе ўжо віселі ў рэкрэацыі і цяпер некаторыя захаваліся. Два з іх экспанаваліся на гэтай выставе.

РР: Чвэрць стагоддзя мінула, як прайшла першая ініцыяцыя ў беларускія ліцэісты гарадзенскіх юнакоў і дзяўчат. Ці маеце з імі сувязі цяпер, і кім яны сталі?

Алесь Госцеў: Мне здаецца – гэта было ўчора, ці заўчора. Настолькі гэта ярка ў памяці ўсплывае. Гэтая падзея адбылася яшчэ ў дваццаць другой школе. Тады гэтых вучняў было не так многа. Іх было недзе каля 18 чалавек. Дакладна зараз і не прыпомню, таму што выпусцілі мы пятнаццаць вучняў, праз два гады!  У 1996 годзе.  Але гэта быў 1994 год, дзявятага снежня. Прыпамінаюцца найперш, канечне, дзяўчаны. Бо іх была большасць. Думаю, што пра кожную з іх можна рабіць асобную перадачу. Але самая, бадай, што знакавая, то гэта Наталля Лявонава. Якая скончыла пасля нашай навучальнай установы менскую – па тэатральным мастацтве, стала і актрысай тэатру, і выкладчыцай тэорыі тэатру. Выкладала некаторы час у нашым каледжы мастацтваў. Цяпер яна вядомая артыстка нашага тэатру. Яе фатаздымак вісіць у нашай галерэі знакамітых выпускнікоў нашага ліцэю. Але бадай, што самае адметнае, што яе сын, Арсень, таксама пасвячаўся ў ліцэісты праз дваццаць пяць гадоў.    

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

 Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * * 

25 гадоў мінула, як вучняў беларускіх гуманітарных класаў у Гародні  пасвяцілі ў ліцэісты. Тады класы дзейнічалі як філія Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа ў Менску. Ад таго часу пачалося ліцэйнае жыццё ў Гародні.

Хаця цяпер беларускіх класаў няма, а на іх месцы дзейнічае расейскамоўны Ліцэй №1 Гародні, памяць пра першых „беларускіх ліцэістаў”, якія прайшлі 25 гадоў таму абрад „ініцыяцыі ў ліцэісты”, жывая. Кажа ў мінулым завуч беларускіх ліцэйных класаў Алесь Госцеў.

– Падзея, дарэчы, адбылася яшчэ ў 22-й школе. Тады гэтых вучняў было не так многа – недзе каля 18-ці чалавек, а выпусцілі мы 15. Успамінаюцца найперш, канешне, дзяўчаты, бо іх была большчасць. Бадай сёння знакавая асоба – гэта Наталля Лявонава, зараз яна артыстка нашага тэатру. Яе фотаздымак вісіць у нашай галерэі знакамітых выпускнікоў ліцэя.

Намаганнямі Барыса Саакяна і Алеся Госцева і , як краязнаўцы і калекцыянера, у мурах ліцэя была адкрытая выстава „Гарадзенскія вытокі двух геніяў”, якія з першага тыдня пасвячання ў ліцэісты, 25 гадоў таму, былі цэнтральнымі фігурамі ў мерапрыемствах ліцэя. Гэтыя асобы – Мікалай-Канстанцін Чурлёніс і Максім Багдановіч. Кажа Алесь Госьцеў:

– Адукацыю і выхаванне сваё пачатковае гэты выдатны сусветнага роўня мастак і кампазітар атрымаў на Гарадзеншчыне. Тое, што тычыцца Максіма Багдановіча, то ўсе ведаюць, што  хоць нарадзіўся ён у Менску, але ў няпоўны год апынуўся разам з бацькамі ў Гародні і больш за чатыры гады тут пражыў. Ён атрымаў хатняе выхаванне праз сваю маці Марыю Апанасаўну. І гэта мы таксама паказвалі ў сваёй выставе.

На жаль, за час экспанавання выставы інтарэс да мінулага ліцэя, яго традыцыі, праявіла мінімальная колькасць навучэнцаў гэтай нувучальнай установы – ліцэя №1. Цяпер выстава ўжо дэмантавана.

 

Ліст сястры Мікалая Чурлёніса.

Пасведчанне аб заканчэнні Гарадзенскай гімназіі Чурлёнісам.

У цэнтры – Адам Багдановіч.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня