Ці знікла “жалезная заслона”?



Беларусь на адзін крок наблізілася да ЕЗ. У Брусэлі міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей разам з міністрам унутраных справаў Харватыі Даворам Бажыновічам і еўракамісарам па ўнутраных справах Ільвай Ёхансан падпісалі пагадненне аб спрашчэнні выдачы візаў і рэадмісіі. Гэта азначае, што з 1 чэрвеня 2020, калі пагадненне ратыфікуецца Еўрапарламентам і Нацыянальным сходам Беларусі, консульскі збор за шэнгенскую візу складзе не 60 ці 80 еўра, як цяпер, а 35 еўра.

У паведамленнях беларускага МЗС гаворыцца, што да падпісання гэтага пагаднення Беларусь і ЕЗ ішлі некалькі гадоў, прыблізна пачынаючы з 2014 года. І вось, нарэшце, неабходныя працэдуры былі выкананыя, каб грамадзяне РБ займелі магчымасць быць больш мабільнымі ў Еўропе. На фоне ранейшай цаны за шэнгенскую візу такі паварот падзей, безумоўна, станоўчая падзея, хоць казаць пра вялікі прарыў у дачыненнях з ЕЗ заўчасна. Па-ранейшаму для многіх суайчыннікаў патрабаванні (страхоўка, наяўнасць рахунка ў банку, месца працы, забраніраваны гатэль і гэтак далей) і сам консульскі збор нават у 35 еўра застаецца досыць сур’ёзнай нагрузкай на сямейны бюджэт. Так што, гаварыць пра візавую палёгку для беларусаў можна з вялікай доляй умоўнасці. Шэнгенская віза з’яўляецца своеасаблівай “жалезнай заслонай”, якая аддзяляе еўрапейскую Беларусь ад краінаў-суседзяў па глобусе. Калі ўлады рапартуюць пра вялікае дасягненне, яны сарамліва маўчаць, што цана за гэтую візавую паслугу ўсяго толькі зраўнялася з цэнамі для нашых суседзяў. Гэта выглядае асабліва абсурдна, калі ўлічыць, што тыя ж грамадзяне РФ, нягледзячы на ўзаемныя санкцыі паміж іх дзяржавай і ЕЗ, да нядаўняга часу плацілі консульскі збор у меншым памеры, чым беларусы.

Многія еўрапейскія дыпламаты і эксперты ў інтэрв’ю ранейшых гадоў гаварылі пра тое, што працэс візавага спрашчэння – гэта ўзаемны рух. То бок, згодна пэўным працэдурам, беларуская дзяржава як зацікаўлены суб’ект мелася выканаць шэраг патрабаванняў, якія б прывялі да зніжэння цаны за консульскі збор. Аднак афіцыйны Менск, як і ў пытанні з малым прыпамежным рухам, свядома зацягваў з ратыфікацыяй таго ж пагаднення аб рэадмісіі, без якога цана на візы для беларусаў да апошняга часу заставалася адной з самых высокіх у рэгіёне. Нягледзячы на гэта, як паведамляюць прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса ЕЗ, каля 700 тысяч грамадзянаў Беларусі у 2018 годзе атрымалі шэнгенскую налепку ў свае пашпарты. Гэты паказнік у пераліку на колькасць насельніцтва з’яўляецца адным з самых высокіх у свеце, што дэманструе праеўрапейскую скіраванасць вялікай часткі беларускага грамадства.

Зніжэнне цаны за консульскі збор да 35 еўра – гэта вельмі добрая навіна, як ні круці. Але ўсё залежыць ад таго, з якой званіцы глядзець на сітуацыю. Бляск ад нашага “вялікага дасягнення” гасне, калі параўнаць нашыя магчымасці з умовамі грамадзянаў Украіны, якія вось ужо больш за год карыстаюцца напоўніцу бязвізам з ЕЗ. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ