Бельскі і Гайнаўскі белліцэі сярод найлепшых ў Падляшскім ваяводстве (абноўлена)
Адукацыйны партал “Перспектывы” апублікаваў агульнапольскі рэйтынг сярэдніх агульнаадукацыйных школ. У рэйтынгу ўдзельнічалі таксама 43 ліцэі з Падляшскага ваяводства.
Гайнаўскі белліцэй заняў у ім 13-е месца.
„Цешыць нас, што мы апынуліся на высокім 13 месцы рэйтынгу. Хаця ў мінулыя гады былі ў першай дзясятцы,” – кажа дырэктар ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы – Ігар Лукашук.
– У мінулыя гады нам удавалася быць у першай дзясятцы. Але трэба сказаць, што мы трэці год запар маем “Срэбны шчыт”, а гэта значыць, што мы сярод самых лепшых школ Польшчы. І, зразумела, сярод самых лепшых школ у Падляшскім ваяводстве.
Ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім заняў 14-е месца.
Як кажа дырэктар Бельскага белліцэя Андрэй Сцепанюк, – сёлетні вынік лепшы за мінулагодні:
– У мінулым годзе мы былі на пятнаццатым месцы. Зараз мы на адно месца вышэй. Былі гады, калі мы былі ў першай дзясятцы найлепшых ліцэяў у ваяводстве, але зараз гэта не так проста. Таму думаю, што гэта вынік даволі добры, хаця, зразумела, заўсёды хочацца, каб было яшчэ лепш.
У штогадовым агульнапольскім рэйтнгу, ладжаным адукацыйным парталам “Перспектывы”, улічваюцца вынікі школаў у прадметных алімпіядах і вынікі экзаменаў на атэстат сталасці на асноўным і пашыраным роўнях. Найлепшым на Падляшшы стаў Другі агульнаадукацыйны ліцэй у Беластоку.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
* * *
Ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім апынуліся сярод найлепшых у Падляшскім ваяводстве.
Адукацыйны партал “Перспектывы” апублікаваў рэйтынг сярэдніх агульнаадукацыйных школаў. У рэйтынгу ўдзельнічалі 43 ліцэі з Падляшскага ваяводства.
Гайнаўскі белліцэй заняў у ім 13-тае месца, а ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім – 14-тае месца. У агульнапольскім рэйтынгу, які ахоплівае тысячу ліцэяў, Бельскі белліцэй заняў 341 месца, лепшае чым у мінулым годзе 346. Гайнаўскі белліцэй апынуўся на 869 месцы.
Беларускае Радыё Рацыя