Лукашэнка: „Газпром” зарабляе на Беларусі больш у тры разы, чым на Германіі



„Газпром” зарабляе на Беларусі больш у тры разы, чым на Германіі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэмій „За духоўнае адраджэнне”, „Беларускі спартыўны Алімп” і спецпрэміі дзеячам культуры і мастацтва.

„Што датычыцца паставак расейскага газу, аргументы мае простыя. 75 [гадоў] вялікай перамозе [у Вялікай Айчыннай вайне], усе гарлапанілі, дзе толькі магчыма, і ў Расеі, і ў Беларусі. Але „Газпром” сёння зарабляе на Беларусі больш у тры разы, чым на Германіі. Гэта нармальна? Гэта ненармальна”, — сказаў кіраўнік краіны.

Паводле яго слоў, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прапанаваў „працаваць па газе на ўмовах 19-га года” ў студзені і лютым, „пакуль мы не дамовімся”.

„Але я нагадаю: калі мы ішлі на продаж „Белтрансгаза” ў 11-м годзе, была жорсткая дамоўленасць, што за пяць гадоў мы выйдзем на ўнутрырасейскую цану па газе. Хтосьці гэта забыўся — я памятаю. Таму я настойваю, каб гэта было рэалізавана”, — падкрэсліў Лукашэнка.

„Чаму мы да гэтага часу з прэзідэнтам Расеі (ужо выйшла на наш узровень) не дамовіліся па нафце? Ды таму, што Расея хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах вышэйшых за сусветную. Дзе такое бачана?” — абурыўся беларускі кіраўнік.

„Таму я і адмовіўся ад такой нафты, — працягнуў ён. — І прама заявіў: калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расеі нафты, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі. Няхай сабе гэта даражэй, але мы знойдзем. Напэўна, не час гаварыць гэтую праўду, паколькі ідзе працэс перамоў. Але гэта так”.

Лукашэнка паабяцаў, калі „будзе час”, падрабязна далажыць „аб сітуацыі, якая складваецца ў свеце наогул і ў прыватнасці з нашай брацкай Расеяй”. „Сёння няма катастрофы, калі мы нават не дамовімся пра тое, пра што я толькі што сказаў, з Расеяй. Ну жывем жа гэтыя дні і жыць будзем. Будзем жыць не горш, чым у 19-м годзе. Ну вельмі хутка не разбагацеем, але ні ў якім разе не загінем і не памром. Не той час: мы ўсталі на ногі. Усталі дзякуючы сваёй працы”, — сказаў ён.

Лукашэнка раскрытыкаваў рэакцыю апазіцыі на сітуацыю з пастаўкамі энерганосьбітаў: „Многія нашы „свядомыя”, прачнуўшыся раптам (страта суверэнітэту!), усталі, раптам прачнуліся і закрычалі: „А навошта нам было наогул, трэба было яшчэ тады, гадоў 20 таму, пайсці на сусветныя цэны і адмовіцца ад Расіі?” Вы ведаеце, калі б мы гэтыя крокі зрабілі, мы б з вамі тут не знаходзіліся”.

19 снежня 2019 года на прэс-канферэнцыі ў Маскве Уладзімір Пуцін заявіў, што „даходнасць ад продажу ў Еўропу і Беларусь для „Газпрома” адрозніваецца ў чатыры разы”. „Мы ж прадаем усё ў Беларусь бяспошлінна, — сказаў ён. — Што датычыцца нашых продажаў энерганосьбітаў, у тым ліку газу, у Еўропу і ў Беларусь, то ў Беларусі самыя нізкія цэны, якія толькі магчымыя для нашых замежных партнёраў. Гэта 127 долараў за тысячу кубоў. У Еўропу за 200 мы прадаем. У нас сярэдняўзважаная цана цяпер па Расеі на газ — 70 долараў за тысячу кубоў”.

belapan.by