Асамблея НДА абвясціла „Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці-2019”
Асамблея НДА абвясціла лаўрэатак і лаўрэатаў прэміі „Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці-2019”.
Чэмпіёнаў вызначалі па дзевяці намінацыях. А ў адной з іх, „Грамадская лідарка года” вызначылі дзве пераможцы—каардынатарку ініцыятыўнай групы „Маршыруй, дзетка” Святлану Гатальскую ды праваабаронцу ПЦ „Вясна” Алену Маслюкову, якая ў тым ліку змагаецца з заводам беленай цэлюлозы, што ў Светлагорску:
– Шчыра кажучы для мяне гэта абсалютная нечаканасць. Па-першае, нечаканасць ад таго, што мяне намінавалі, а яшчэ большая нечаканасць ад таго, што за мяне прагаласавалі. Я пра сябе ніколі не думала, як пра лідарку, я проста рабіла сваю справу, бараніла людзей. Не думала, што грамадзянская супольнасць абярэ мяне лідаркай года.
А ў намінацыі „Новая ініцыятыва” перамагла пляцоўка „Тэрыторыя правоў”, што ў Менску. Адметная яна тым, што кожная грамадская ініцыятыва, звязаная з правамі чалавека, можа правесці там мерапрыемства безкаштоўна. Кажа супрацоўнік Тэрыторыі правоў Андрусь Крэчка:
– Я яшчэ ў часы сваёй грамадскай актыўнасці застаў той час, калі нааогул было нерэальна было знайсці нейкую пляцоўку. Я памятаю, як мы хацелі паказаць нейкі фільм, якую-небудзь выставу, канцэрт правесці і заўсёды, то электрычнасць скончвалася ці трубу прарывала. Тое, што адкрылася „Тэрыторыя правоў” – гэта вельмі добра.
Да дзевяці намінацый „Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці-2019” дадалася яшчэ адна антыпрэмія пад назвай „Гарбуз году”. І пераможцам па ёй стаў дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк за апраўданне зносу памятных крыжоў у Курапатах і пераследу абаронцаў мемарыялу.
Беларускае Радыё Рацыя