Відэаблогер Дзмітрый Казлоў не выйшаў на волю пасля арышту



Паводле звестак праваабаронцаў, за ўдзел у менскіх акцыях за незалежнасць Беларусі Дзмітрый Казлоў (вядомы як відэаблогер Шэры кот) быў асуджаны да арышту. На суд у Менск ён не ездзіў, але аршанскія міліцыянты забяспечылі выкананне прысуду: 26 снежня хлопца затрымалі, і мусілі выпусціць увечары 9 студзеня.

У 20.45 – такі час мясцовым актывістам напярэдадні паведамілі ў аршанскім ізалятары часовага ўтрымання – Дзмітрыя Казлова мусілі выпусціць на волю. Сустракаць яго сабраліся каля 20 чалавек, у тым ліку з Менску, Віцебску, Дуброўны. Каля гадзіны яны марна чакалі, спрабуючы даведацца ў міліцыянтаў, чаму не выпускаюць іхнага сябра. Міліцыянты і супрацоўнікі ІЧУ адмоўчваліся, аж пакуль актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі не пайшоў у пастарунак пісаць заяву пра знікненне чалавека.

Тады невядомы чалавек у цывільным праясніў сітуацыю, кажа Вінярскі:

– Грамадзянін у цывільным строі запатрабаваў, каб я прыбраў са стала тэлефон, паглядзеў маю заяву і сказаў, што Дзмітрый казлоў знаходзіцца ў іх, што ён адбывае адміністрацыйны арышт па новай пастанове. Якая пастанова, па якім выпадку – ён адмовіўся адказаць. Тэрмін адмовіўся назваць, але пацвердзіў: Дзмітрый Казлоў знаходзіцца ў іх, адпаведна новай пастанове.

Праваабаронцы паведамляюць, што цяпер Дзмітрыя Казлова варта чакаць на волі 24 студзеня, бо апошняя пастанова – таксама пра 15-суткавы арышт. Дзе праходзіў суд на відэаблогерам, і ў чым яго абвінавацілі, застаецца невядомым. Тым не менш, 10 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску над ім адбываецца яшчэ адзін суд – са ўдзел у менскай антыінтэграцыйнай акцыі 8 снежня 2019 году.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск