Шэры Кот адбудзе за кратамі 30 сутак. Што далей?
9 студзеня аршанскі відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам Шэры Кот, мусіў выйсці з-пад арышту, прысуджанага яму ў Менску за ўдзел у акцыі супраць “паглыбленай інтэграцыі” 20 снежня мінулага году.
Але на волю з аршанскага ізалятара часовага ўтрымання ён так і не выйшаў. Як высветліла віцебская праваабаронца Ірына Траццякова, у апошні дзень адбыцця 15-суткавага арышту ў судзе Воршы і Аршанскага раёну адбыўся яшчэ адзін працэс над Дзмітрыем Казловым. Яму зноўку прысудзілі 15 сутак а ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая праходзіла ў Менску 21 снежня.
Паводле мясцовага актывіста Ігара Казмерчака, такія працяглыя тэрміны арыштаў па палітычных справах у Воршы яшчэ не прызначаліся:
– Зміцер не мае родзічаў, ён жыве адзін, і таму яго забеспячэнне на “сутках” узяла на сябе Аршанская кааліцыя дэмакратычных сіл. Калі ён сядзеў першыя 15 сутак, мы разы 2 ці 3 перадавалі яму перадачы. І на наступныя 15 сутак перадачы мы, канешне, арганізуем. Я ведаю, што ўжо сёння яму пойдзе перадача з некаторымі гігіенічнымі сродкамі і, канешне, харчамі.
Дзмітрый Казлоў мае выйсці на волю 24 студзеня, але праз тры дні яго чакае новы суд – за ўдзел у акцыі пратэсту 8 снежня мінулага году. Працэс па гэтай справе пачаўся 10 студзеня ў менскім судзе Ленінскага раёну, але быў перанесены на 27 студзеня, каб відэаблогер таксама змог узяць у ім удзел.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск