У Беларусі абвешчаны два смяротныя прысуды
У Чэрыкаве, што ў Магілёўскай вобласці, абвешчаны адразу два смяротныя прысуды. Да вышэйшай меры пакарання прыгаварылі братоў Іллю і Станіслава Косцевых, якім 21 і 19 гадоў адпаведна.
На судзе прысутнічаў і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда. Ён падкрэсліў, што адносіны да такога выраку ў яго асабіста і ў праваабаонцаў рэзка негатыўныя. Таксама ён быў здзіўлены ўвагай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі да гэтага судовага паседжання:
– Звычайна не так часта яны звяртаюць увагу на такія справы, але я думаю, што гэта звязана з тым, што ўвага была сфакусавана кіраўніком дзяржавы на гэтай справе. Там былі розныя тэлеканалы – і Першы канал Беларускага тэлебачання, і 4-ы рэгіянальны, і АНТ, і журналісты. Усім людзям не хапала месца нават.
У нядаўнім інтэрв’ю радыёстанцыі “Эхо Москвы” Аляксандр Лукашэнка рэзка негатыўна выказаўся наконт справы братоў Косцевых, што, на думку праваабаронцы, і паўплывала на абвяшчэнне менавіта смяротнага прысуда.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Сёння, 10 студзеня, на выязным паседжанні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве, якое пачалося ў 14.00, суддзя Міхаіл Мельнікаў абвясціў смяротныя прысуды ў дачыненні да двух братоў – Косцева Іллі і Косцева Станіслава. Іх абвінавачвалі ў забойстве сваёй настаўніцы, якая жыла па суседству, і падпале яе дома.
8 студзеня пракурор запрасіла вышэйшую меру пакарання для двух братоў. 9 студзеня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам – хлопцы прызналі віну і раскайвалісь. Сёння на паседжанні пазіцыю абвінавачвання прадстаўляла Юлія Бокая.
Судовае паседжанне маніторылі праваабаронцы ПЦ “Вясна” – юрыст Павел Сапелка і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.
Цікава, што той жа суддзя – Міхаіл Мельнікаў – асудзіў да смерці Аляксандра Асіповіча.
Рашэнне Магілёўскага абласнога суда можа быць абскарджана ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Праваабаронца Андрэй Палуда пракаментаваў вырак:
“Перш за ўсё, наша адзнака і рэакцыя як праваабаронцаў моцна негатыўныя. Бо толькі ў новым, 2020 годзе, мы маем ужо два смяротныя прысуды. А ў снежні мінулага года стала вядома пра расстрэл Аляксанда Асіповіча. Увогуле, па нашай інфармацыі, зараз у камеры смяротнікаў знаходзяцца чатыры чалавекі (разам з братамі Косцевымі).
Але ў большай ступені вызывае расчараванне негатыўная, скажам так, рэакцыя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў нядаўнім інтэрв’ю радыёстанцыі “Эха Масквы”. Прэзідэнт у адказ на пытанне аб ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне сфакусаваў сваю ўвагу на сітуацыі з братамі Косцевымі. Мы ўжо ведаем выпадак, калі па справе Аляксандра Грунова Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд, які потым у парадку касацыі адмянілі. Але тады прэзідэнт таксама пракаментаваў негатыўна гэтую справу, пасля чаго рашэнне Вярхоўнага суда было перагледжана, і Груноў у выніку быў растраляны. Аляксандр Лукашэнка, мякка кажучы, дастаткова ўплывовы чалавек у гэтым пытанні”.