У Гародні выступіць “Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra”
12 студзеня 2020 года ў Гародні па адрасе Кірава, 3 (Бар “CORSAR”) адбудзецца прэзентацыя новага альбома фолк-рок гурта “Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra”.
Пра будучы выступ распавядае арганізатар канцэрту Андрэй Несцяровіч:
– Адзіны вядомы мне ў Беларусі менавіта фолк-гурт з прыгожым жаночым вакалам і не зусім стандартным наборам інструментаў. Апроч усяго іншага, сама Ваданосава – гэта жаночая энергетыка, жаночая моц. На яе проста глядзець нават прыемна. І гэта вельмі якасная, прыгожая музыка з прыгожымі вершамі, пакладзенымі на гэтую музыку.
На думку Андрэя Несцяровіча, вакалістка гурта Кацярына Ваданосава ўжо добра вядомая гарадзенскім аматарам фолк-музыкі:
– У Гародню яна прыязджае ўжо трэці раз. Зараз гурт прыязджае з прэзентацыяй новага альбому “Стрэчанне”. Прэзентацыя ў Менску адбылася месяц таму. Яны вартыя таго, каб іх ведаць і слухаць. Гэта адны з лепшых беларускіх аўтараў і выканаўцаў уласнай музыкі.
Квіткі на выступ “Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra” можна замовіць у гарадзенскай “Цудоўні”, альбо перад выступам гурта ў бары “Карсар”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня