Беларусь гатовая прыпыніць транзіт расейскай нафты ў Еўропу



Беларускія ўлады могуць прыпыніць транспартаванне расейскай нафты за мяжу па нафтаводзе „Дружба”. Пра гэта піша партал TUT.BY са спасылкай на свае крыніцы. „Ужо ёсць праект пастановы [ўрада], якім у ліку іншага прыпыняецца транспартаванне нафты па „Дружбе” ў Еўропу”, — перадаюць журналісты словы сваёй крыніцы.

Паведамляецца, што гэтая мера выкліканая неабходнасцю дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь. „Нафта — дарагая. „Труба” сёння самы танны транспарт. Трэба працаваць па ім. Тады можа быць альтэрнатыва Расеі”, — сказаў журналістам TUT.by другі суразмоўца.

Праблемы з пастаўкамі расейскай нафты пачаліся ў Беларусі з 1 студзеня: улады дзвюх краін да Новага года не ўзгаднілі ўмовы паставак. Кампаніі расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцарыева з 4 студзеня паабяцалі паставіць у Беларусь 750 тысяч тон нафты ў студзені — гэтага хопіць для палавіннай загрузкі двух беларускіх НПЗ. 

Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Расея хоча прадаваць Беларусі нафту па коштах, вышэйшых за сусветныя. Ён пагражаў, што Беларусь будзе купляць нафту ў іншых крыніцаў. 

10 студзеня Беларусь увяла экалагічны падатак на транзіт расійскай нафты па сваёй тэрыторыі — 50%. 

Фота: transoil.by