Па факце разбойнага нападу на банк пачатая крымінальная справа
Па факце разбойнага нападу на банк у пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна распачатая крымінальная справа. На месцы злачынства працуюць гомельскія следчыя, паведамляе Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.
Паводле папярэдніх дадзеных, 10 студзеня каля 16 гадзін у аддзяленне аднаго з банкаў па вул. Савецкай у пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна увайшоў мужчына. У гэты момант наведвальнікаў у аддзяленні не было. Пагражаючы работніцы банка прадметам, падобным да пісталета, мужчына завалодаў грашыма і схаваўся. Пасля нападу жанчына выклікала міліцыю з дапамогай трывожнай кнопкі.
Цяпер следчымі з удзелам супрацоўнікаў міліцыі і экспертаў праводзіцца агляд. Фіксуецца следавая карціна, збіраюцца рэчавыя доказы, дапытваюцца работнікі банка. Для ўстанаўлення дакладнай сумы выкрадзенага супрацоўнікамі банка праводзіцца рэвізія.
Працу следча-аператыўнай групы на месцы здарэння каардынуе начальнік УСК па Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў. Гомельскім РАСК распачатая справа па ч. 2 арт. 207 (разбой) Крымінальнага кодэкса.
„Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне асобы падазраванага і яго затрыманне”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
Раней прэс-служба МУС са спасылкай на работніцу банка паведаміла, што мужчына забраў 4.000 беларускіх рублёў, 1.000 долараў ЗША і 30.000 расійскіх рублёў.
Міліцыя таксама паведаміла прыкметы падазраванага: на выгляд 30-40 гадоў, рост 180-190 сантыметраў, моцнага целаскладу. Быў апрануты ў чорную куртку з капюшонам, чорныя штаны, карычневыя чаравікі. Твар схаваў шалікам з чырвонымі падоўжнымі палосамі. Мяркуецца, быў у пальчатках. Пры сабе меў поліэтыленавы пакет.