У Менску з-за пажару ў начным клубе эвакуявалі 170 чалавек
Раніцай 11 студзеня з-за пажару ў начным клубе Re:Public у Менску (вуліца Прытыцкага, 62) былі эвакуяваныя 170 чалавек.
Як перадае МНС, паведамленне пра пажар паступіла ў 6.13 ад адміністрацыі. Першыя падраздзяленні выратавальнікаў былі на месцы праз шэсць хвілін.
Да прыбыцця ратавальнікаў персанал клуба распачаў спробы справіцца з узгараннем пры дапамозе вогнетушыцеляў. На момант здарэння ў памяшканнях клуба знаходзілася прыкладна 150 наведнікаў і 20 чалавек персаналу. Да прыезду ратавальнікаў яны ўжо пакінулі будынак.
Паводле папярэдніх звестак, у фае клуба здарылася ўзгаранне электраправодкі і дэкаратыўных элементаў падвеснай столі. Работнікі МНС ліквідавалі ўзгаранне. Ніхто не пацярпеў.
Прычына высвятляецца. Разгляданая версія ўзгарання — кароткае замыканне электраправодкі асвятляльнай сеткі.
Фота minsk.mchs.gov.by