Амбасада Польшчы паабяцала палепшыць сістэму рэгістрацыі на візы



Як паведамляе tut.by, у рэдакцыю звяртаюцца турысты, якія сцвярджаюць, што з мінулага года не могуць ні датэлефанавацца ў візавы цэнтр Польшчы, ні зарэгістравацца на яго сайце. Застаецца толькі звяртацца да пасярэднікаў. 

З такімі праблемамі сутыкаюцца менавіта турысты, якія падаюць дакументы на візу ў амбасаду Польшчы. Да прыкладу, у амбасадзе Літвы зараз можна зарэгістравацца на 18 студзеня.

У пасольстве Польшчы TUT.BY паведамілі, што сістэма рэгістрацыі перагружаная ў сувязі з вялікай запатрабаванасцю ў беларусаў візаў у Польшчу і краіны Шэнгенскай зоны. Польшча выдае беларусам максімальную колькасць візаў сярод краін Шэнгена – больш за 400 тысяч на год. 

Пры гэтым турфірмы і цэнтры візавай падтрымкі ахвотна прапануюць свае паслугі. За 60-120 рублёў гатовыя зарэзерваваць дату ў візавым цэнтры на 20-е студзеня і абяцаюць, што праз пяць працоўных дзён пасля падачы дакументаў турыст атрымае свой пашпарт.