Аўтамабільнае паліва зноў падаражэла на капейку
Канцэрн „Белнафтахім” абвясціў пра другое ў новым годзе павышэнні цэн на паліва на аўтазаправачных станцыях. 12 студзеня цэны традыцыйна павялічыліся на 1 капейку.
Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра 1,66 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,76 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,98 рубля, дызельнага паліва — 1,76 рубля.
„Змена цэн на нафтапрадукты абумоўленая ростам цаны нафты”, — паведамляе дзяржканцэрн.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасня рост прыпыніўся больш як на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Апошнім разам цэны на паліва былі павышаныя 5 студзеня. „Белнафтахім” размясціў падрабязнае абгрунтаванне неабходнасці такога кроку. Сярод іншага адзначалася, што за 2019 год цэны на маторнае паліва ў сярэднім былі павялічаныя на 13%, у той час як сусветная каціроўка нафты вырасла на 17%. У студзені 2020 года каціроўкі нафты працягваюць павялічвацца, дасягаючы ў асобныя перыяды 68 долараў ЗША за бараль.
Пры такім узроўні сусветных цэн „толькі ў выніку негатыўнага ўплыву падатковага манеўру” у Расеі кошт нафты для беларускіх НПЗ у адносінах да папярэдняга годзе вырасце больш як на 20 долараў ЗША за тону, што складае 5% да ўзроўню цаны 2019 года.
„Для захавання аптымальнага балансу суадносін „кошт-якасць” на прадукцыю беларускай нафтаперапрацоўкі і аховы інтарэсаў аўтаўладальнікаў павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва робіцца паэтапна. Абраная стратэгія дазваляе змякчыць уплыў змены цэн на нафтапрадукты на эканоміку ў цэлым і на кожнага спажыўца ў прыватнасці”, — перакананыя ў канцэрне.