Вечарына памяці Вацлава Гавела ў Менску



У Менску прайшла вечарына памяці Вацлава Гавела, якую традыцыйна арганізуе Рух «За Свабоду».

«Вацлаў Гавел да апошняга моманту прысвячаў свой час, свае думкі тым месцам на мапе свету, дзе робіцца несправядлівасць. Адным з такіх месцаў была Беларусь», — адзначыў, адкрываючы вечарыну, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Па ягоных словах, дзесяць год таму, у 2010 годзе людзі выйшлі на вуліцы з патрабаваннем пераменаў, каб Беларусь была дэмакратычнай, незалежнай, грамадства вырашала, як далей жыць краіне — але супраць іх былі прымененыя рэпрэсіі.

«На жаль, за гэты час нічога не змянілася. Магчыма, сёння іншы ўзровень пераследу. Але тыя ж самыя суды, штрафы, суткі, пераслед самых актыўных. Сутнасць рэжыму не змяняецца», — упэўнены Губарэвіч.

Старшыня Руху пабачыў паралелі паміж той сітуацыяй, якая была ў Чэхаславакіі часоў Гавела і сённяшняй Беларуссю. «Чым натхняюцца людзі, якія змагаюцца ў такіх умовах?» — спытаў старшыня Руху, дадаўшы, што хацелася б перайсці да наступнага кроку, думаць таксама пра іншае: як адбываюцца трансфармацыі, калі зрынаецца аўтарытарны рэжым.

«Што рабіць з эканомікай? Што рабіць з палітыкай? Гэта ўсё тое, што на ўласным досведзе спазнаў Вацлаў Гавел», — адзначыў палітык.

Губарэвіч пажадаў, каб 2020 год быў годам сапраўдных пераменаў для Беларусі.

Пасол Чэхіі Томаш Перніцкі распавёў, што сам быў удзельнікам студэнцкіх страйкаў у Чэхаславакіі.

«Для нас было важна, каб прэзідэнтам стаў Гавел. Мы былі ўпэўненыя, што ён верне нас у Еўропу. І толькі пасля пасля ягонага абрання мы закончылі студэнцкія забастоўкі. Я не кажу, што не было б у нас Гавела, мы б не былі ў ЕС і НАТА. Але мы б не былі там так хутка», — падкрэсліў дыпламат.

За апошні час у Беларусі быў адзін месяц — жнівень — калі нікога не затрымлівалі, і праваабаронцы расслабіліся, – адзначыў кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«І я думаю, што б сказаў у сённяшняй сітуацыі Вацлаў Гавел беларусам. Каб мы не думалі, што мы адны, генералы без войска. Зменіцца сітуацыя, з’явяцца войскі. Мы не дысідэнты, мы нармальныя барацьбіты з уладамі», — падкрэсліў Бяляцкі.

Па ягоным меркаванню, спадчына Гавела актуальная для Беларусі да гэтага часу.

Прапанова назваць адну з вуліцаў імём Гавела паступіла ад палітыка Анатоля Лябедзькі. Абгрунтаваў ён гэтую ідэю наступным чынам: савецкія назвы цягнуць нас у савецкае мінулае, а Гавел — гэта еўрапейская будучыня.

Гасцям паказалі пастаноўку п’есы Гавела «Пратэст», якую зрэжысіраваў Васіль Дранько-Майсюк.

Закончылася вечарына выступам Андруся Такідтанга.

Фота: pyx.by